Зорныя войны
эпічная фантастычная сага ЗША / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Зорныя войны» (па-ангельску: Star Wars) — эпічная фантастычная сага амэрыканскага рэжысэра Джорджа Лукаса. Сэрыял аказаў велізарны ўплыў на міжнародную поп-культуру, на ягонай аснове паўстаў пашыраны Сусьвет «Зорных войнаў» са шматлікімі кнігамі, тэлесэрыяламі, відэагульнямі й коміксамі. Асаблівай увагі пасьлядоўнікаў заслужыў пэрыяд паміж першай і другой трылёґіямі.
Першы фільм выйшаў 25 траўня 1977 году пад назвай «Зорныя войны». Ён меў велізарны касавы посьпех. Гэта выратавала кампанію «20th Century Fox» ад пагражаўшага ёй крызысу. Калі сумненьні ў акупальнасьці праекту адпалі, першы фільм атрымаў падзагаловак «Новая надзея». За ім выйшлі два працягі: «Імпэрыя наносіць удар у адказ» (1980) і «Вяртаньне джэдая» (1983). Першы фільм трылёґіі-прыквэлу зьявіўся праз шаснаццаць рокаў ад выхаду VI эпізоду, і зь перапынкамі ў тры гады выйшлі наступныя дзьве часткі.
У кастрычніку 2012 The Walt Disney Company набыла Lucasfilm і абвясьціла пра свой намер сфільмаваць трылёґію-працяг, першая частка якога павінна зьявіцца ў 2015 року[1].
Франшыза апісвае сусьвет «Зорных войнаў» як падзеі далёкага-далёкага мінулага ў далёкай-далёкай галяктыцы. Джэдаі — прадстаўнікі дабра, іхнія антаганісты — сытхі. Зброя абодвух бакоў — лязэрныя мечы — стала вельмі папулярнай у фанатаў.