Джэймз Кук
From Wikipedia, the free encyclopedia
Джэймз Кук (па-ангельску: James Cook; 27 кастрычніка 1728, Мартан, Ёркшыр, Ангельшчына — 14 лютага 1779, Гаваі) — брытанскі першаадкрывальнік і навігатар. Ён зьдзейсьніў тры вандраваньні ў Ціхім акіяне і стаў першым эўрапейцам, які дасьледаваў большую частку ягонага ўзьбярэжжа. Кук адкрыў Гаваі і шматлікія іншыя астравы, акрамя таго, ён першым абышоў вакол Новай Зэляндыі. Кук таксама быў і картографам. У пошуках паўночнага марскога праходу зь Ціхага акіяна ў Атлянтычны ён дасьледаваў частку ўзьбярэжжа Аляскі. Ягоным імем названы заліў Кука на Алясцы, у горадзе Анкарыдж усталяваны помнік Куку. Дзякуючы асаблівай ўвазе, якой Кук надаваў картаграфіі, многія з складзеных ім мапаў па сваёй дакладнасьці і акуратнасьці не былі перасягнуты на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў і служылі мараплаўцам да другой паловы XIX стагодзьдзя.
Джэймз Кук | |
James Cook | |
Джэймз Кук працы Натаніела Дэнс-Голанда | |
Род дзейнасьці | падарожнік, картограф, навігатар |
---|---|
Дата нараджэньня | 27 кастрычніка 1728 |
Месца нараджэньня | Мартан, Ёркшыр, Ангельшчына |
Дата сьмерці | 14 лютага 1779 (70 гадоў) |
Месца сьмерці | Гаваі |
Прычына сьмерці | рэзаная рана[d] |
Занятак | падарожнік-дасьледнік, картограф, вайскова-марскі афіцэр, мараплавец, батанік |
Навуковая сфэра | дасьледаваньне[d] і картаграфія |
Бацька | Джэймз Кук |
Маці | Грэйс Пэйс |
Жонка | Элізабэт Бэтс |
Дзеці | Джэймз, Натаніел, Элізабэт, Джозэф, Георг, Г’ю |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Кук быў шырока вядомы сваім памяркоўным і сяброўскім стаўленьнем да карэнных жыхароў тэрыторыяў, якія ён наведваў. Ён зьдзейсьніў своеасаблівую рэвалюцыю ў мараплаўстве, навучыўшыся пасьпяхова змагацца з такой небясьпечнай і шырока распаўсюджанай у той час хваробай, як цынга. Сьмяротнасьць ад яе ў час ягоных плаваньняў практычна была зьведзена да нуля. У ягоных плаваньнях прымала ўдзел цэлая плеяда знакамітых мараплаўцаў і дасьледчыкаў, як то Джозэф Бэнкс, Ўільям Блай, Джордж Ванкувэр, Джордж Дыксан, Ёган Рэйнгальд і Георг Форстэр.
Кук быў забіты на Гаваях падчас свайго трэцяга падарожжа ў Ціхі акіян у 1779 годзе. Ён пакінуў пасьля сябе спадчыну навуковых і геаграфічных ведаў, якія паўплывалі на ягоных пераемнікаў, аб чым сьведчаць шматлікія помнікі, якія былі прысьвечаны яму. Тым ня менш, ягоную ролю ў адкрыцьці раёнаў Ціхага акіяна, іхнай калянізацыі й наступнага ўзьдзеяньня на карэнныя народы былі прадметам палітычнай і навуковай дыскусіі.