Бэнзін
From Wikipedia, the free encyclopedia
Бэнзі́н — сумесь лёгкіх вуглевадародаў з тэмпэратурай кіпеньня ад 30 да 200 °C. Шчыльнасьць каля 0,75 г/см². Цеплатворная здольнасьць прыкладна 10500 ккал/кг (46 МДж/кг). Гаручая вадкасьць. Прызначаны для ўжываньня ў якасьці паліва. Атрымліваецца шляхам перагонкі нафты, гідракрэкінгам і, пры неабходнасьці далейшай араматызацыі — каталітычным крэкінгам і рыформінгам. Для адмысловых бэнзінаў характэрная дадатковая ачыстка ад непажаданых кампанэнтаў і зьмешваньне з карыснымі дадаткамі.
Вядомыя асобныя выпадкі, калі для вытворчасьці бэнзінаў ужываецца й іншая вуглевадародная сыравіна. Магчымы адгон бэнзінавых фракцыяўй са смолаў паўкаксаваньня і каксаваньня з дадатковай іх ачысткай (напрыклад у Эстонскай ССР бэнзін вырабляўся з гаручых сланцаў). Вырабляюцца бэнзіны і з сынтэз-газу (прадукт газыфікацыі вугля, канвэрсіі мэтану) пры дапамозе сынтын-працэсу (сынтэз Фішэра - Тропша), прадукты такой тэхналёгіі — сынтын і кагазіны.
«Клясычная» тэхналёгія вытворчасьці аўтамабільнага бэнзіну на сучасных НПЗ прадугледжвае яго кампаўндаваньне (зьмешваньне) зь некалькіх складнікаў, галоўнымі зь якіх зьяўляюцца:
- прамагонны бэнзін (лёгкая нафта)
- ізамэрызат (прадукт ізамэрызацыі папярэдняга)
- рыфармат (прадукт рыформінгу цяжкай нафты)
- бэнзін каталітычнага крэкінгу (прадукт раскладаньня цяжкіх фракцыяў першаснай перагонкі)
- алькілят (прадукт алькілаваньня папярэдняга)
- бэнзін гідракрэкінгу (прадукт раскладаньня найбольш цяжкіх вадкіх фракцыяў, якія засталіся пасьля атмасфэрнай, а затым вакуўмнай перагонкі)
- мадыфікавальныя прысадкі і дадаткі.
Найпрасьцейшая схема атрыманьня аўтамабільнага бэнзіну ўлучае адбор лёгкіх фракцыяў падчас грубай перагонкі нафты саматужным спосабам (у г. зв. «самаварах») з наступным падвышэньнем актанавага ліку даданьнем вялікай колькасьці прысадак («бадзяжніцтва»).