Аўгустын
хрысьціянскі багаслоў, філёзаф, Айцец Царквы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Аўрэ́ліюс Аўгусты́н (па-лацінску. Augustinus Sanctus; 354—430) — філёзаф, прапаведнік, хрысьціянскі багаслоў і палітык. Сьвяты каталіцкай царквы, лічыцца блажэнным у праваслаўі. Адзін з Айцоў Царквы, аказаў велізарны ўплыў на заходнюю філязофію і каталіцкую тэалёгію. Частка зьвестак пра Аўгустыны атрыманая зь яго аўтабіяграфічнай «Споведзі» («Confessiones»).
Аўгустын | |
Aurelius Augustinus | |
Аўгустын | |
Сьвяты | |
---|---|
Сьвецкае імя | Аўрэліюс Аўгустын |
Нарадзіўся | 13 лістапада 354 |
Памёр | 28 жніўня 430[1] (75 гадоў) |
Шануецца | каталіцтва, праваслаўе |
Галоўная сьвятыня | Сан П’етра ін Сьель д’Ора, Павія |
Дзень памяці | 28 жніўня (каталіцтва), 15 (28) чэрвеня (праваслаўе) |
Патрон | піваварства, тыпаграфія, тэалёгія |
Атрыбуты | дзіця, голуб, пяро, ракавінка, разьбітае сэрца |
Праз маніхейства, скептыцызм і нэаплятанізм прыйшоў да рымскага хрысьціянства, вучэньне якога аб грэхападзеньні і памілаваньні зрабілі на яго моцнае ўражаньне. У прыватнасьці, ён бароніць (супраць Пэлагія) вучэньне аб перадвызначэньні: чалавеку загадзя перадвызначана Богам блажэнства ці пракляцьце. Чалавечая гісторыя, якую Аўгустын выкладае ў кнізе «Пра град Божы», «першай сусьветнай гісторыі», паводле яго ёсьць барацьба двух варагуючых царстваў — царства прыхільнікаў усяго зямнога, ворагаў Божых, гэта значыць сьвецкага царства (лац. civitas terrena ці diaboli), і царства Божага (лац. civitas dei). Пры тым ён атаясамлівае Царства Божае, у адпаведнасьці зь ягонай зямной формай існаваньня, з рымскай царквой. Аўгустын вучыць аб тым, што пры стварэньні сьвету Бог залажыў у матэрыяльны сьвет у зародку формы ўсіх рэчаў, зь якіх яны пасьля самастойна разьвіваюцца. Аўгустын стаў пачынальнікам напрамку нэаплятанізму ў хрысьціянскай філязофіі (аўгустынізма), які панаваў у Заходняй Эўропе да XIII стагодзьдзя, калі яго зьмяніў хрысьціянскі арыстотэлізм Альбэрта Вялікага і Тамаша Аквінскага.
Яго памяць адзначаецца Каталіцкай царквой 28 жніўня, Расейскай праваслаўнай царквой — 15 чэрвеня па старым стылі.