Аборт
наўмыснае спыненьне цяжарнасьці / From Wikipedia, the free encyclopedia
Або́рт (спаро́н[1]; лац. abortus — выкідыш; мэд. азн. — abruptio graviditatis) — штучнае перарываньне цяжарнасьці шляхам выдаленьня плода з маткі ў тэрмін да 22 тыдняў ад зачацьця (да моманту, калі магчыма нараджэньне жыцьцяздольнага дзіцяці) праз прэпаратнае правакаваньне выкідышу і апэрацыйнае (прыладнае) ўмяшаньне.
На больш позьнім тэрміне, калі маса плоду(en) сягае 500 грамаў, перарываньне цяжарнасьці называюць заўчаснымі родамі(en). Ажыцьцяўленьне па-за бальнічнай установай і без урача ёсьць крымінальным злачынствам. Можа выклікаць раньнія (крывацёк, пракол сьценкі маціцы і пашкоджаньне сумежных органаў) і позьнія (запаленьне плоцевых органаў і брушыны, бясплодзьдзе, эндакрынныя парушэньні) ўскладненьні, а таксама сьмерць жанчыны. Лячэньне наступстваў аборту праводзіцца ў стацыянарных умовах[2].
На 2013 год 57 з больш як 200 урадаў скасавалі ў сваіх краінах крымінальную адказнасьць за аборт, што прывяло да росту дзелі байструкоў сярод народжаных[3]. У тых краінах пражывала меншасьць жаночага насельніцтва Зямлі (каля 40%). Палова гэтай меншасьці пражывала ў Кітаі, дзе аборты ажыцьцяўляліся прымусова пры нясплаце спагнаньня за паўторныя роды[4]. Больш за палову абортаў ажыцьцяўлялася траўматычным выскрабаньнем[5].
22 кастрычніка 2020 году міністры ЗША, Беларусі, Вугоршчыны, Грузіі і Польшчы, а таксама 29 дзяржаваў Азіі (Інданэзіі і Пакістану), Афрыкі (Д.Р. Конга і Эгіпту) і Паўднёвай Амэрыкі (Бразыліі) з агульным насельніцтвам у 1,6 млрд чалавек падпісалі Жэнэўскую кансэнсусную дэклярацыю «Аб прасоўваньні жаночага здароўя і ўмацаваньні сям’і». Паводле 4-га пункту Дэклярацыі, «ні ў якім выпадку спарон ня мае прасоўвацца ў якасьці спосабу сямейнага плянаваньня», а «дзіцяці патрэбныя адмысловыя ахова і клопат як да, гэтак і пасьля народзінаў» (цытата з Канвэнцыі ААН аб правах дзіцяці 1989 году). Урэшце ўрады абвясьцілі «адданасьць працаваць разам, каб ... прасоўваць ... найвышэйшы магчымы ўзровень здароўя без улучэньня спарону». Тамсама згадвалася: «пацьвярджаем, што няма міжнароднага права на спарон і міжнароднага абавязку з боку дзяржаваў фінансаваць або спрыяць спарону»[6].