Штучны інтэлект
From Wikipedia, the free encyclopedia
Шту́чны інтэле́кт (англ.: artificial intelligence, AI) — раздзел інфарматыкі, які вывучае магчымасць ажыццяўлення асэнсаваных разважанняў і дзеянняў з дапамогай вылічальных сістэм і іншых штучных прылад. Алгарытм рашэння задачы ў большасці выпадкаў загадзя невядомы. У пачатку XXI стагоддзя пануючым падыходам да рашэння задач штучнага інтэлекту стала машыннае навучанне, што было абумоўлена развіццём нейронных сетак[en] і іншых метадаў.
Дакладнага азначэння гэтай навукі не існуе, бо ў філасофіі не вырашана пытанне аб прыродзе і статусе чалавечага інтэлекту. Няма і дакладнага крытэрыя дасягнення камп’ютарамі «разумнасці», хоць яшчэ на пачатку працы над штучным інтэлектам быў прапанаваны шэраг гіпотэз, напрыклад, тэст Цьюрынга або гіпотэза Ньюэлла—Саймана. На гэты час існуе шмат падыходаў як да разумення задачы штучнага інтэлекту, так і да стварэння інтэлектуальных сістэм.
Так, адна з класіфікацый вылучае два падыходы да распрацоўкі ШІ:
- сыходны, семіятычны — стварэнне знакавых сістэм, якія мадэлююць высокаўзроўневыя псіхічныя працэсы: мысленне, разважанні, маўленне, эмоцыі, творчасць і г.д. (Гл. таксама: семіётыка);
- узыходны, біялагічны — вывучэнне нейронных сетак і эвалюцыйныя вылічэнні, якія мадэлююць інтэлектуальныя паводзіны на аснове дробных «неінтэлектуальных» элементаў.
Гэта навука звязана з псіхалогіяй, нейрафізіялогіяй, трансгуманізмам і інш. Як і ўсе камп’ютарныя навукі, яна выкарыстоўвае матэматычны апарат. Асаблівае значэнне маюць для яе філасофія і робататэхніка.
Штучны інтэлект — вельмі маладая вобласць даследаванняў, якая ўзнікла ў 1956 годзе. Яе гістарычны шлях нагадвае сінусоіду, дзе кожны «ўзлёт» ініцыяваўся якой-небудзь новай ідэяй.