Тэхніка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тэхніка (грэч. téchnē мастацтва, майстэрства) — сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, створаных для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбаў грамадства.
Таксама азначае навыкі і прыёмы ў нейкім відзе дзейнасці — тэхніка шахматнай гульні, тэхніка танца, тэхніка ігры на фартэпіяна і пад.
У тэхніцы матэрыялізаваныя веды і вытворчы досвед, набытыя чалавецтвам у працэсе развіцця. Тэхніка аблягчае працоўныя намаганні чалавека і павышае іх эфектыўнасць, дае магчымасць пераўтвараць прыроду. Па меры развіцця тэхніка замяняе чалавека ў выкананні тэхналагічных функцый, звязаных з фізічнай і разумовай працай. Тэхніка ўдзейнічае на прадметы працы пры стварэнні матэрыяльных і культурных даброт; выкарыстоўваецца для атрымання, перадачы і ператварэння энергіі; даследавання законаў развіцця прыроды і грамадства; перамяшчэння і сувязі; збору, зберагання і перадачы інфармацыі; кіравання грамадствам; бытавога абслугоўвання; вядзення вайны і забеспячэння абароны.
Агульнапрынятай класіфікацыі тэхнікі няма. Паводле функцыянальнага прызначэння адрозніваюць тэхніку вытворчую, бытавую, навуковых даследаванняў, адукацыі і культуры, ваенную, медыцынскую і інш. Асноўную частку тэхнічных сродкаў складае вытворчая тэхніка, да якой належаць машыны, механізмы, інструменты, апаратура кіравання машынамі і тэхналагічнымі працэсамі, вытворчыя будынкі і збудаванні, чыгункі, масты, рухомы састаў, сродкі камунікацыі, сувязі. Паводле галіновай структуры вытворчасці адрозніваюць тэхніку прамысловасці, транспарту, сельскай гаспадаркі; паводле прыналежнасці да асобных структурных падраздзяленняў вытворчасці — авіяцыйную, меліярацыйную, энергетычную; паводле прыроднай асновы асобных галін тэхнікі — атамную, халадзільную, вылічальную і інш.