Знаць
частка арыстакратыі, уладны і прывілеяваны стан ў многіх грамадствах, у тым ліку феадальных / From Wikipedia, the free encyclopedia
Знаць — сацыяльны клас, частка ўладнага стану (арыстакратыі) у многіх грамадствах з арыстакратычнай палітычнай сістэмай (формай кіравання). У арыстакратычнай іерархіі, звычайна, стаіць адразу за ўладаром і яго родам[en]. Знаць была станам (саслоўем) з многімі выключнымі функцыямі і ўласцівасцямі. Уласцівасці давалі перавагі над іншымі станамі або фармальнымі функцыямі (напрыклад, старшынством або выкананнем абавязкаў) і розніліся залежна ад краіны і эпохі. Належнасць да стану (знатнасць), з адпаведнымі правамі і абавязкамі, звычайна была спадчыннай[en] па бацькоўскай лініі[en].
У шырокім сэнсе пад знаццю разумеюць еўрапейскую феадальную арыстакратыю агулам, выразы ўзору «французская знаць» і «французская арыстакратыя» ўжываюць як сінонімы. З пункту гледжання сацыялогіі, знаць — рэферэнтная група, належаць да якой пачэсна і прэстыжна, у стратыфікацыі нацыі — эліта.
Спадчынны статус часта звязваўся з правам мець да імя прэфікс з месцазнаходжаннем родавага маёнтка (напрыклад «de», «don» або «von» у Еўропе). Родавая знаць перадала свой статус у спадчыну разам з родавым маёнткам. Часта знаць мела спадчынная фінансавыя і іншыя прывілегіі, напрыклад у дарэвалюцыйнай Францыі. Цяпер у большасці краін знатнасць і тытул не даюць законных прывілегій. Некаторыя выключэнні з гэтага ёсць да гэтага часу, напрыклад у Вялікабрытаніі, пэўныя прадстаўнікі знаці маюць асобныя прывілегіі — месца ў верхняй палаце брытанскага парламента, Палаце лордаў. У сучаснасці «знаць» — гістарычнае, сацыяльнае і часам прававое паняцце, але не тоеснае гістарычнаму сацыяльна-эканамічнаму статусу. Багацце або палітычны ўплыў не роўныя і не даюць знатнасці. У некаторых краінах тытулаў не было зусім, бо яны адменены заканадаўча (Кітай, Італія, краіны былога сацыялістычнага лагера і інш.).
- Тытулаваная знаць — князь, граф, барон і т. п.
- Нетытулаваная знаць — не мае родавых тытулаў, але колькасна значнейшая за тытулаваную. Складалася са спадчанных нетытулаваных феадалаў і набілітаванай знаці, якая не мела маёнткаў.
Наданне статусу (набілітацыя) ажыццяўлялася за выдатныя заслугі або працяглую беззаганную службу. Наданне магло быць спадчынным або асабістым пажыццёвым. Спадчынная пераходзіла дзецям і іх нашчадкам, асабістае пажыццёвае — не пераходзіла дзецям. Пажыццёвае асабістае наданне ўжываецца ў Вялікабрытаніі, як прызнанне асаблівых заслуг асобы, надаецца ўказам караля праз пасвячэнне ў рыцары Брытанскай імперыі (напрыклад Ісак Ньютан, Пол Макартні, Элтан Джон і інш.).