Беларускі фальклор
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларускі фальклор (англ. folklore — народныя веды, народная мудрасць) — сукупнасць розных відаў народнага мастацтва беларусаў, такіх як вусна-паэтычная творчасць, народная музыка, танцы, разнастайныя віды прыкладнога мастацтва, народны тэатр. Пераважна ўжываецца для абазначэння мастацтва слова — вусна-паэтычнай творчасці.
Разам з тым фальклор разумеецца не толькі як сукупнасць жанраў вуснай народнай творчасці, але і як сістэма поглядаў на навакольны свет, традыцыйная духоўная культура ў цэлым у шматлікіх яе выяўленнях. Таму фальклор знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад міфалогіі, абраднасці, мовы і г. д., а самі фальклорныя жанры разглядаюцца не толькі ў мастацкім аспекце, але і як функцыянальны складнік народнага жыцця.
На працягу многіх стагоддзяў фальклор жыў у асяроддзі сваіх стваральнікаў, чуйна рэагуючы на ўсе змены, што несла з сабой гістарычнае развіццё і ў быце, і ў светапоглядзе, і ў сацыяльных стасунках. Фальклор — мастацкі летапіс народа, але гэта толькі адна, прычым не самая галоўная яго функцыя. Ён — захавальнік працоўнага вопыту, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне, і ў той жа час узбуджальнік творчай энергіі, новых ідэй і нават пэўных тэхнічных рашэнняў, якія з цягам часу рэалізоўваліся ў адпаведных умовах. Вусна-паэтычная творчасць замацоўвала многія маральна-этычныя нормы, якія рэгулявалі адносіны людзей у грамадстве і ў сям’і. Дзякуючы гэтым нормам чалавек доўгі час жыў у суладдзі з прыродай, абагаўляў і абараняў яе, ахоўваючы тым самым сваё асяроддзе існавання. Сямейная абрадавая паэзія, шматлікія прыказкі і прымаўкі і многія іншыя творы былі накіраваны на ўмацаванне сям’і і сямейных адносін, на выхаванне новых пакаленняў у адпаведнасці з высокімі нормамі і патрабаваннямі народнай маралі. Тая ж мараль патрабавала ад людзей справядлівасці, праўдзівасці, працавітасці і многіх іншых якасцей, якія адносяцца да агульначалавечых каштоўнасцей. Але фальклор найперш — з’ява мастацтва, дзе ўсё багацце ідэй выяўляецца праз мастацкія вобразы.
Сваю важную ўласцівасць — задавальненне эстэтычных патрэб народа — фальклор не страціў да нашага часу. Галоўная асаблівасць фальклору выцякае са спосабу яго існавання. Перадача і захаванне тэкстаў магчымыя толькі пры непасрэднай камунікацыі людзей. Захоўваць і перадаваць тэкст без яго перыядычнага ўзнаўлення нельга. Падключэнне пісьмовасці ўносіць свае карэктывы ў бытаванне фальклору. Фальклорны тэкст — гэта заўсёды адносна ўстойлівая камбінацыя элементаў традыцыі, якая ўзнікае пры кожным новым выкананні. Амаль заўсёды маюць месца пэўныя адрозненні, аднак важна не разыходжанне варыянтаў, а іх супадзенне, агульная сэнсавая аснова. Падобнае вар’іраванне неабходнае для жыцця здольнасці саміх фальклорных тэкстаў.