Архітэктура Адраджэння
From Wikipedia, the free encyclopedia
Архітэктура Адраджэння — перыяд развіцця архітэктуры ў еўрапейскіх краінах з пачатку XV да пачатку XVII стагоддзя, у агульнай плыні Адраджэння і развіцця асноў духоўнай і матэрыяльнай культуры Старажытнай Грэцыі і Рыма. Гэты перыяд з’яўляецца пераломным момантам у гісторыі архітэктуры, асабліва ў адносінах да папярэдняга архітэктурнага стылю, да готыкі. Готыка, у адрозненне ад архітэктуры Адраджэння, шукала натхненне ва ўласнай інтэрпрэтацыі класічнага мастацтва.
Асаблівае значэнне ў гэтым кірунку надаецца формам антычнай архітэктуры: сіметрыі, прапорцыі, геаметрыі і парадку складовых частак, пра што навочна сведчаць ацалелыя ўзоры рымскай архітэктуры. Складаная прапорцыя сярэднявечных будынкаў змяняецца спарадкаваным размяшчэннем калон, пілястраў і вершніка, на змену несіметрычным абрысам прыходзіць паўкруг аркі, паўсфера купала, нішы, эдыкулы. Архітэктура зноў становіцца ордарнай.
Развіццё архітэктуры Адраджэння прывяло да новаўвядзенняў у выкарыстанні будаўнічых тэхнік і матэрыялаў, да развіцця архітэктурнай лексікі. Важна адзначыць, што рух Адраджэння характарызуецца адыходам ад ананімнасці рамеснікаў і з’яўленнем персанальнага стылю ў архітэктараў. Вядома няшмат майстроў, што пабудавалі творы ў раманскім стылі, а таксама архітэктараў, што збудавалі цудоўныя гатычныя саборы, у той час як творы эпохі Адраджэння, нават невялікія будынкі ці проста праекты, былі акуратна задакументаваны з самага свайго з’яўлення.
Першым прадстаўніком архітэктуры Адраджэння можна назваць Філіпа Брунелескі, які працаваў у Фларэнцыі, горадзе, які нароўні з Венецыяй лічыцца помнікам Адраджэння. Затым яно распаўсюдзілася ў іншыя італьянскія гарады, у Францыю, Германію, Англію, Расію і іншыя краіны.