Цыслейтанія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Цыслейтанія (ням.: Cisleithanien, чэшск.: Předlitavsko) — у 1867—1918 назва адной са складовых частак манархіі Аўстра-Венгрыі, зямлі, непасрэдна падкантрольныя аўстрыйскай імперскай (а не венгерскай каралеўскай) кароне. Афіцыйнай назвай аўстрыйскіх земляў была ням.: Die im Reichsrat vertretenen Königreiche und Länder — Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў Рэйхсраце (Імперскім савеце).
Да пагаднення 1867 г. і ўтварэння затым Аўстра-Венгрыі, падзеленай на Цыслейтанскую і Транслейтанскую паловы (гэта значыць «па гэты і па той бок» ракі Лейты), тэрмін «Аўстрыя» служыў агульнай назвай для ўсіх земляў створанай у 1804 Аўстрыйскай імперыі. У аўстра-венгерскі перыяд пад «Аўстрыяй» мелі на ўвазе Цыслейтанскую палову дзяржавы ў супрацьлегласць Транслейтанскай, ці Венгрыі ў шырэйшым сэнсе.
Тэрытарыяльна землі аўстрыйскай кароны ўключалі не толькі сучасную Аўстрыю, але таксама Чэхію і Славенію, значныя вобласці сучасных Харватыі, Польшчы і Украіны, а таксама некаторыя раёны Італіі (Гарыцыя, Трыест, частку Ціроля).
У складзе Аўстра-Венгрыі цыслейтанскія (аўстрыйскія) землі мелі асобны ад венгерскіх парламент (вышэйзгаданы Рэйхсрат), урад (узначалены міністрам-прэзідэнтам) і некаторыя іншыя органы кіравання.