Судовая медыцына
From Wikipedia, the free encyclopedia
Судо́вая медыцы́на — галіна агульнай медыцыны, сукупнасць ведаў і спецыяльных метадаў даследавання, што ўжываюцца ў мэтах вырашэння пытанняў медыка-біялагічнага характару, якія ўзнікаюць у дзейнасці праваахоўных органаў, а таксама канкрэтных задач аховы здароўя.
Кола навуковых інтарэсаў і пытанняў, што вырашаюцца, звязвае судовую медыцыну з рознымі галінамі медыцыны (паталагічнай анатоміяй, хірургіяй, акушэрствам, педыятрыяй і інш.), а таксама шэрагам іншых дысцыплін — крыміналістыкай, грамадзянскім і крымінальным правамі і працэсамі, фізікай, хіміяй, біялогіяй, матэматыкай і інш. Гэта абумоўлівае шырокае выкарыстанне ў судовай медыцыне падыходаў і методык, якія прымяняюцца ў сумежных дысцыплінах.
Тэрмін «судовая медыцына» таксама ўжываюць як назву адпаведнай вучэбнай дысцыпліны, якую абавязкова вывучаюць студэнты медыцынскіх і юрыдычных вышэйшых навучальных устаноў (факультэтаў). Акрамя гэтага, тэрмінам вызначаецца ўрачэбная спецыялізацыя, гэтак жа як хірургія, тэрапія, педыятрыя і інш. Спецыяліст у галіне судовай медыцыны, які мае адпаведную вышэйшую адукацыю, спецыяльную падрыхтоўку і атэстацыю, вызначаецца як дзяржа́ўны судо́ва-медыцы́нскі экспе́рт.