Суднавы рухач
рухач судна, карабля / From Wikipedia, the free encyclopedia
Су́днавы руха́ч[1] — прыстасаванне (рухач) для пераўтварэння работы суднавай энергетычнай устаноўкі (суднавага рухавіка) ці вонкавай крыніцы энергіі ў карысную цягу, якая забяспечвае паступальны рух судна.
Цяга суднавага рухача, які выкарыстоўвае энергію вонкавай крыніцы (ветру), ствараецца за кошт аэрадынамічных сіл, якія ўзнікаюць на яго элементах (напрыклад, ветразях). Па прынцыпу дзеяння падзяляюцца на актыўныя, якія непасрэдна пераўтвараюць энергію ветру ў паступальны рух судна, і рэактыўныя, якія ствараюць упорны ціск за кошт рэакцыі масы вады, якая адкідваецца ў бок, процілеглы руху судна. Цяга суднавага рухача, які выкарыстоўвае магутнасць суднавай энергетычнай устаноўкі, ствараецца за кошт рэактыўных сіл, абумоўленых адкідваннем рабочага асяроддзя (вады) у бок, процілеглы кірунку руху судна. Па характару рабочага асяроддзя суднавыя рухачы падзяляюцца на паветраныя, гідраўлічныя і газавадамётныя[2]. У сваю чаргу, гідраўлічныя суднавыя рухачы падзяляюцца на лопасцевыя, якія ствараюць упор дзякуючы лопасцям, умацаваным на апорнай канструкцыі, і нялопасцевыя, у якіх рэакцыя масы вады (воднапаветранай сумесі) ўспрымаецца нерухомымі дэталямі.
- Паветраны рухачы: парус, паветраны вінт, турбапарус (ротарны парус).
- Лопасцевыя гідраўлічныя рухачы: вясло, грабное кола, грабны вінт, крыльчаты рухач.
- Нялопасцевыя гідраўлічныя рухачы: вадамётны рухач, газавадамётны рухач.
Мерай эфектыўнасці суднавага рухача служыць прапульсіўны каэфіцыент — стаўленне буксіровачнай магутнасці, якая выдаткоўваецца на рух судна з дадзенай скорасцю ходу, да магутнасці механізмаў, прызначаных для той жа мэты. Ён вагаецца ў межах 0,45—0,55[3].