Спіс фіналаў чэмпіянатаў свету па футболе
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэмпіянат свету — міжнароднае спаборніцтва па футболе, заснаванае ў 1930 годзе. У ім удзельнічаюць мужчынскія футбольныя зборныя краін-членаў Міжнароднай футбольнай федэрацыі (ФІФА), галоўнага футбольнага органа кіравання. Турнір праходзіць кожныя чатыры гады за выключэннем 1942 і 1946 гадоў, калі ён быў адменены ў сувязі з Другой сусветнай вайной. Апошні чэмпіянат свету, які праходзіў у 2022 годзе, выйграла зборная Аргенціна, якая ў фінале па пенальці перайграла Францыю (3:3 пасля дадатковага часу, 4:2 па пенальці).
Чэмпіянат свету па футболе
| |
Сучасны трафей чэмпіянату свету «Кубак свету ФІФА», які выкарыстоўваецца з 1974 года. | |
Арганізацыя: | ФІФА |
---|---|
Заснаваны: | 1930 |
Рэгіён: | міжнародны |
Кол-ць каманд: | 204 (кваліфікацыя) 32 (асноўная стадыя) |
Дзеючы чэмпіён: | Аргенціна (3-і тытул) |
Найбольш тытулаваная: | Бразілія (5 тытулаў) |
Бягучы турнір | |
2022 |
Фінал чэмпіянату свету з’яўляецца апошнім матчам спаборніцтва і вызначае, каманда якой краіны стане сусветным чэмпіёнам. Калі пасля 90 хвілін асноўнага часу матча лік застаецца роўным, назначаецца дадатковы 30-хвілінны перыяд гульні, які называюць дадатковым часам. Калі нічыя паміж камандамі застаецца і пасля дадатковага часу, пераможца фінальнага матча вырашаецца ў серыі пенальці. Зборная, якая перамагае ў серыі пенальці, абвяшчаецца чэмпіёнам свету[1]. Пераможца турніру вырашаўся ў выніку адзіночнага паядынку заўсёды акрамя 1950 года, калі чэмпіён свету вырашаўся ў выніку фінальнага групавога раўнда, у якім удзельнічалі чатыры зборныя (Уругвай, Бразілія, Швецыя і Іспанія). Матч паміж Уругваем і Бразіліяй быў адным з двух апошніх матчаў чэмпіянату і вырашальным, бо абедзве каманды ішлі наперадзе паводле ачкоў і каманда, якая перамагала ў гэтым паядынку, гарантавала сабе чэмпіёнства. Такім чынам, ФІФА лічыць гэты матч дэ-факта фіналам чэмпіянату свету 1950 года[2].
У 22 чэмпіянатах свету прымалі ўдзел 80 розных зборных, з якіх 13 даходзілі да фінальных матчаў і 8 станавіліся чэмпіёнамі[заўв 1]. З пяццю тытуламі Бразілія з'ўляецца самай паспяховай камандай чэмпіянатаў свету, а таксама адзінай краінай, якая прымала ўдзел ва ўсіх розыгрышах спаборніцтва[4]. Італія і Германія па чатыры разы выйгравалі чэмпіянат свету, Уругвай, Аргенціна і Францыя — па два, а Англія і Іспанія — па адным разе. Каманда, якая перамагае ў фінальным матчы, атрымлівае традыцыйны трафей, а яе імя гравіруецца на ніжняй частцы гэтага трафея[5].
У 22 папярэдніх чэмпіянатах свету толькі краіны з Еўропы і Паўднёвай Амерыцы даходзілі да фіналу галоўнага футбольнага першынства. Дзевяць разоў (1934, 1938, 1954, 1966, 1974, 1982, 2006, 2010 і 2018) у фінальным паядынку гулялі дзве еўрапейскія зборныя і толькі два разы (1930 і 1950) — дзве зборныя краін Паўднёвай Амерыкі. Рэкорд па колькасці выхадаў у фінал належыць зборнай Германіі, якая 8 разоў гуляла ў вырашальных паядынках чэмпіянату. Зборныя Італіі (1934—1938) і Бразіліі (1958—1962) з’яўляюцца адзінымі, якія выйгравалі чэмпіёнскія тытулы два разы запар, а зборныя ФРГ (1982—1990) і Бразіліі (1994—2002) адзінымі, якія тройчы запар даходзілі да фіналаў. Фіналы 1970 і 1994 гадоў паміж зборнымі Бразіліі і Італіі, а таксама фіналы 1986, 1990 і 2014 гадоў паміж зборнымі Германіі і Аргенціны з’яўляюцца адзінымі вырашальнымі паядынкамі паміж аднымі камандамі. Фінал 1934 года паміж зборнымі Італіі і Чэхаславакіі застаецца апошнім фіналам чэмпіянату свету, калі абедзве зборныя ўпершыню дайшлі да фіналу спаборніцтва[заўв 2]. Пяць разоў (1934, 1966, 1978, 2010 і 2014) вынік фіналу вызначаўся ў дадатковы час і яшчэ тры разы (1994, 2006 і 2022) чэмпіёны свету вызначаліся ў серыі пенальці. Фіналы 1930 і 1966 гадоў з’яўляюцца адзінымі, якія праходзілі не ў нядзелю: першы адбыўся ў сераду, а другі — у суботу.