Спіс прэзідэнтаў ЗША
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Паводле Канстытуцыі Злучаных Штатаў Амерыкі Прэзідэ́нт ЗША з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і кіраўніком урада Злучаных Штатаў, а таксама асновай выканаўчай улады і кіраўніком усяго Федэральнага Урада. Прэзідэнцтва з’яўляецца найвышэйшай палітычнай пасадай у Злучаных Штатах Амерыкі паводле ўплыву і прызнання. Апроч таго, Прэзідэнт ЗША з’яўляецца і Вярхоўным Галоўнакамандуючым Узброеных Сіл Злучаных Штатаў. Прэзідэнты абіраюцца непрамым галасаваннем на тэрмін у чатыры гады калегіяй выбаршчыкаў[заўв 1]. Пасля ратыфікацыі Дваццаць другой папраўкі да Канстытуцыі Злучаных Штатаў у 1951 годзе ніводная асоба не можа быць абранай Прэзідэнтам больш за два разы, а таксама ніводны чалавек, які выконваў абавязкі Прэзідэнта больш за два гады падчас тэрміну іншага Прэзідэнта, не можа быць абраны Прэзідэнтам больш за адзін раз[1]. Пасля смерці, адстаўкі або адхілення ад пасады дзеючага Прэзідэнта, на пасаду ўступае віцэ-прэзідэнт. На пасаду Прэзідэнта ЗША могуць абірацца грамадзяне старэйшыя за 35 гадоў, якія нарадзіліся ў Злучаных Штатах і пражывалі там не менш за 14 гадоў да выбараў.
Гэты спіс уключае ў сябе толькі тых асоб, якія былі прыведзены да прысягі ў якасці Прэзідэнта пасля ратыфікацыі Канстытуцыі Злучаных Штатаў, якая ўступіла ў сілу 4 сакавіка 1789 года. Амерыканскія лідары да ратыфікацыі Канстытуцыі з’яўляліся Прэзідэнтамі Кантынентальнага Кангрэса[2]. Апроч таго, спіс не ўключае ў сябе асоб, якія выконвалі абавязкі Прэзідэнта паводле Дваццаць пятай папраўкі да Канстытуцыі ЗША.
Дзеючым, 45-м прэзідэнтам, з’яўляецца Дональд Трамп (з 2017 года). Традыцыйна некалькі паслядоўных тэрмінаў прэзідэнцтва нумаруюцца як адзін, але абодва прэзідэнцтва Гровера Кліўленда абазначаюцца як 22-е і 24-е, так як яны не праходзілі запар. Такім чынам, за ўсю гісторыю існавання пасады Прэзідэнта ЗША яе займалі 44 чалавекі. З усіх прэзідэнтаў ЗША чацвёра памерлі на пасадзе сваёй смерцю (Уільям Гарысан[3], Закары Тэйлар[4], Уорэн Гардзінг[5] і Франклін Рузвельт), чацвёра былі забіты (Аўраам Лінкальн[6], Джэймс Гарфілд[6][7], Уільям Мак-Кінлі[8] і Джон Кенэдзі) і адзін падаў у адстаўку (Рычард Ніксан)[9].
Джордж Вашынгтон, першы прэзідэнт, уступіў на пасаду ў 1789 годзе пасля аднагалоснага галасавання выбаршчыкаў. Самы кароткі час на пасадзе прэзідэнта правёў Уільям Генры Гарысан (32 дні ў 1841 годзе), а самы доўгі — Франклін Рузвельт, які быў прэзідэнтам амаль 13 гадоў, але памёр неўзабаве пасля пачатку свайго чацвёртага тэрміну ў 1945. Ён адзіны прэзідэнт, які займаў пасаду больш за два тэрміны. Пры наступным прэзідэнце Гары Трумэне была прынята папраўка да Канстытуцыі, якая забараніла балаціравацца на прэзідэнцкую пасаду больш за два разы. Найстарэйшым прэзідэнтам на момант абрання стаў Дональд Трамп, які заняў пасаду ва ўзросце 70 гадоў. Самым маладым прэзідэнтам быў Тэадор Рузвельт, які заняў пасаду ва ўзросце 42 гадоў і 10 месяцаў[10]. Сёмы прэзідэнт ЗША Эндру Джэксан стаў першым, які быў абраны белымі мужчынамі ўсіх класаў у 1828 годзе пасля таго, як большасць законаў, якія забаранялі беззямельным грамадзянам галасаваць, былі адмененыя. Уорэн Гардзінг стаў першым прэзідэнтам абраным пасля таго, як жанчыны атрымалі права галасаваць у 1920 годзе. Адзіным каталіком лацінскага абраду на пасадзе прэзідэнта ЗША быў Джон Кенэдзі, а адзіным цемнаскурым — Барак Абама[11].