Спіс кіраўнікоў Бадэна
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Спіс кіраўнікоў Бадэна — дзяржавы Свяшчэннай Рымскай імперыі, а затым Германіі. Яно ўтварылася на месцы Брайсгау — сярэдневяковага графства ў Швабіі. Кіраўнікі Бадэна паходзілі з дынастыі Цэрынгенаў.
Першым пэўна вядомым прадстаўніком роду лічыцца Бертольд (Бецэлін) (пам. у 1024 годзе), граф Ортэнау. Заснавальнікам магутнасці Цэрынгенаў быў яго сын граф Бертольд I Барадаты, які прад’явіў, пасля смерці імператара Генрыха III, прэтэнзіі на абяцанае яму нібыта Генрыхам швабскае герцагства. Удава Генрыха, імператрыца Агнеса, аддала гэты лен Рудольфу Швабскаму і зрабіла Бертольда наўзамен герцагам Карынтыі і маркграфам Вероны (1061). Са смерцю Бертольда I у 1078 годзе род Цэрынгенаў падзяліўся на дзве лініі: бадэнскую, якая захавалася да нашых дзён, і цэрынгенскую, дзве галіны якой згаслі па мужчынскай лініі ў 1218 і 1439 гадах.
Старэйшы сын Бертольда, Герман I Святы (пам. у 1074 годзе), які насіў тытул маркграфа веронскага, набыў праз шлюб бадэнскія ўладанні. Яго сын Герман II з 1112 года называўся маркграфам Бадэна. Нашчадкі Германа II кіравалі Бадэнам да 1918 года.