Спіс графаў Тулузы
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Першыя графы (comites) Тулузы вядомыя яшчэ з Меравінгскіх часоў. Яны прызначаліся каралямі Франкаў і кіравалі горадам і яго наваколлямі. Да нас дайшлі згадкі толькі пра некаторых з іх ды і тое, надзвычай скупыя. Пра графаў (часам званых герцагамі) Тулузы перыяду кіравання Каралінгаў мы ведаем трохі больш. Вельмі хутка графам Тулузы ўдалося дамагчыся амаль поўнай незалежнасці[1] і ператварыць пасаду графа ў спадчынны тытул, які замацаваўся ў сям’і графаў Руэрга.
Спадчынныя графы Тулузы кіравалі горадам Тулузай і графствам, якое ўключала наваколлі горада, з канца IX стагоддзя да 1271 года. Графы Тулузы і іншыя члены гэтай фаміліі валодалі таксама ў розны час графствамі Керсі, Руэрг, Альбі і Нім, а таксама былі маркізамі Готыі і Праванса. Акрамя таго, Раймунд IV заснаваў дзяржаву Трыпалі ў Святой Зямлі, якая перайшла да яго нашчадкаў (гл. Графства Трыпалі).