Сківіцы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сківіцы (лац.: maxilla, mandibula) — у жывёл — органы рознага паходжання, пераважна цвёрдыя (шкілетныя) структуры, размешчаныя ў вобласці ротавай адтуліны, якія служаць для захопу і драбнення ежы. Сківічны апарат уключае шкілетныя і цягліцавыя ўтварэнні, звязаныя з гэтымі функцыямі.
У прадстаўнікоў розных сістэматычных груп сківіцы маюць розную будову і ўтвараюцца ў працэсе індывідуальнага развіцця з розных зародкаў, гэта значыць з'яўляюцца аналагічнымі органамі.
Сківіцы ў многіх беспазваночных (некаторыя чэрві, малюскі, членістаногія, аніхафоры, з ігласкурых — марскія вожыкі). Сярод круглых чарвей сківіцы мае большасць формаў, якія жывуць свабодна, і шэраг паразітычных. Асновай сківіц ў калаўротак і кольчатых чарвей з'яўляюцца кутыкулярныя структуры. У аніхафораў і членістаногіх ролю сківіц выконваюць знешнія прыдаткі галавы (часам паўторна заключаюцца ўнутр галоўнай хітынавай капсулы). Тыповай для членістаногіх з'яўляецца наяўнасць адной пары верхніх, або пярэдніх, сківіц (мандзібулы) і двух (радзей за адну) пар ніжніх, або задніх, сківіц (максілы). У насякомых другая пара ніжніх сківіц, зліваючыся, утварае ніжнюю губу. У хеліцэравых ёсць дзве пары галаўных прыдаткаў, якія часткова выконваюць функцыю сківіц: хеліцэры служаць для захопу ежы, а педзіпальпы, якія размешчаны за імі, выкарыстоўваюцца для яе драбнення. У ракападобных і трахейнадыхальных сківічнай апарат прадстаўлены мандзібуламі і максіламі. У тых выпадках, калі галава зліваецца з грудзьмі ў галавагрудзі, канечнасці грудных членікаў звычайна таксама служаць для захопу ежы і называюцца нагасківіцамі (ракападобныя, губаногія мнаганожкі). Сярод павукападобных найбольш складаную будову сківічнага апарата (відазмененыя 1 і 2 пары канечнасцей, хеліцэры і педзіпальпы) маюць кляшчы. У малюскаў ролю сківіц выконвае кутыкулярны пераціральны апарат, так званая радула. Найскладаны сківічны апарат і ў марскіх вожыкаў (гл. Арыстоцелеў ліхтар).
Усе пазваночныя дзеляцца на 2 вялікія групы: бяссківічныя (з класам кругларотых) і сківічныя (уключаюць усе астатнія класы) — з развітымі сківіцамі. У бяссківічных пазваночных (кругларотыя) сківіцы адсутнічаюць. У сківічных сківіцы размешчаны ў тварнай (вісцэральнай) частцы чэрапа, храстковыя або касцяныя сківіцы развіліся з другой вісцэральнай дугі, якая страціла свае першапачатковыя функцыі апоры і вентыляцыі жабраў. У большасці пазваночных сківіцы маюць зубы, у некаторых формаў на чэрапе няма зубоў і на іх развіваецца рагавое покрыва (дзюба). Спачатку сківічная дуга замацоўвалася на чэрапе толькі ўласным верхнім элементам (гл. пратастылія). У рыб вобласць сківічнага сустава атрымала дадатковую апору пры дапамозе верхняга элемента пад'язычнай дугі. Далейшая эвалюцыя сківічнага апарата пазваночных вызначалася удасканаленнем яго працы пры розных тыпах харчавання.
У працэсе эвалюцыі яны ўпершыню ўтварыліся ў рыб у выніку пераўтварэння адной з пярэдніх (трэцяй) пар жаберных дуг. Яе верхні і ніжні элементы рэдукаваліся, а сярэднія аддзелы павялічыліся, ператварыўшыся ў першасную верхнюю сківіцу, або паднябенна-квадратны храсток, і першасную ніжнюю сківіцу, або мекелеў храсток. У храстковых рыб маецца толькі першасныя храстковыя сківіцы, узброеныя зубамі, якія ўніклі з плакоіднай лускі. У касцяных рыб, земнаводных, паўзуноў, птушак і сысуноў у задніх аддзелах верхняй і ніжняй сківіц развіваюцца замяшчальныя акасцяненні, адзетыя покрыўнымі касцямі, з якіх фармуюцца другасныя сківіцы. Верхняй сківіцай, пачынаючы з касцяных рыб, з'яўляюцца другасная сківіца, прадстаўленая перадсківічнай і сківічнай касцямі. Са з'яўленнем другаснай сківіцы, косці якой размяшчаюцца па краю рота, першасная верхняя сківіца адціскаецца ўсё далей назад, у паднябенную вобласць чэрапа, і ў паўзуноў, птушак і сысуноў страчвае зубы. У некаторых формаў зубы на сківіцы адсутнічаюць і на іх развіваецца рагавое покрыва (дзюба). Развіццё сківіцы — найважнейшы этап у эвалюцыі пазваночных жывёл, які вызначыў магчымасць пераходу ад пасіўнага харчавання да актыўнага захопу здабычы.