Сацыяльныя медыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сацыяльныя медыя – гэта інтэрактыўныя тэхналогіі, якія аблягчаюць стварэнне і абмен інфармацыяй, ідэямі, інтарэсамі і іншымі формамі самавыяўлення ў віртуальных супольнасцях і сетках[1][2]. Нягледзячы на тое, што вызначэнне сацыяльных сетак выклікае цяжкасці[2][3] ў сувязі з разнастайнасцю існуючых у цяперашні час асобных і ўбудаваных сэрвісаў, можна вылучыць некаторыя агульныя рысы[2]:
- Сацыяльныя медыя – гэта інтэрактыўныя вэб-праграмы, заснаваныя на тэхналогіі Web 2.0[2][4].
- Жывой сілай сацыяльных сетак з'яўляецца карыстальніцкі кантэнт – тэкставыя паведамленні ці каментары, фатаграфіі ці відэаролікі, а таксама даныя, атрыманыя падчас інтэрактыўнага ўзаемадзеяння[2][4].
- Карыстальнікі ствараюць на сайце або ў мабільнай праграме свае профілі, якія распрацоўваюцца і падтрымліваюцца арганізацыяй, якая займаецца сацыяльнай сеткай[2][5].
- Сацыяльныя медыя спрыяюць развіццю анлайнавых сетак, звязваючы профіль карыстальніка з профілямі іншых людзей ці груп[2][5].
Тэрмін «сацыяльны» ў дачыненні да медыя прадугледжвае, што платформы арыентаваны на карыстальніка і забяспечваюць магчымасць сумеснай дзейнасці. Такім чынам, сацыяльныя медыя можна разглядаць як анлайнавыя пасярэднікі ці ўзмацняльнікі чалавечых «сувязяў-сетак», якія аб'ядноўваюць людзей і пашыраюць сацыяльныя сувязі[6].
Акрамя ўзаемадзеяння, сацыяльныя медыя выкарыстоўваюцца для дакументавання ўспамінаў, вывучэння і пошуку інфармацыі, самарэкламы і фармаванні сяброўскіх адносін, а таксама для развіцця ідэй, якія ўзнікаюць пры стварэнні блогаў, падкастаў, відэаролікаў і гульнявых сайтаў[7]. Гэтыя пераменныя адносіны паміж людзьмі і тэхналогіямі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі развіваючыйся вобласці тэхналагічных самадаследаванняў[8]. Да ліку найбольш папулярных сацыяльных сетак, якія налічваюць больш за 100 млн. зарэгістраваных карыстальнікаў, адносяцца Twitter, Facebook (і звязаны з ім Messenger), WeChat, ShareChat, Instagram, QZone, Weibo, VK, Tumblr, Baidu Tieba і LinkedIn. У залежнасці ад інтэрпрэтацыі можна назваць яшчэ такія платформы, якія звычайна завуць сацыяльнымі медыясервісамі: YouTube, QQ, Quora, Telegram, WhatsApp, Signal, LINE, Snapchat, Pinterest, Viber, Reddit, Discord, TikTok, Microsoft Teams і іншыя. Прыкладам сумеснага стварэння кантэнту з'яўляюцца вікі[9].
Назіральнікі адзначаюць шырокі спектр станоўчых і адмоўных наступстваў выкарыстання сацыяльных сетак. Сацыяльныя медыя могуць садзейнічаць паляпшэнню пачуцця сувязі чалавека з рэальнымі або сеткавымі супольнасцямі, а таксама быць эфектыўным інструментам камунікацыі (або маркетынгу) для карпарацый, прадпрымальнікаў, некамерцыйных арганізацый, груп па абароне інтарэсаў, палітычных партый і ўрадаў. Назіральнікі таксама адзначаюць рост колькасці грамадскіх рухаў, якія выкарыстоўваюць сацыяльныя медыя ў якасці інструмента камунікацыі і арганізацыі ў перыяды палітычных хваляванняў.
Сацыяльныя медыя таксама могуць выкарыстоўвацца для чытання ці абмену навінамі, як праўдзівымі, так і ілжывымі.