Распаўсюджванне COVID-19 у Іране
From Wikipedia, the free encyclopedia
Іран паведаміў пра свае першыя пацверджаныя выпадкі інфікавання SARS-CoV-2 19 лютага 2020 года. Па даных Міністэрства аховы здароўя Ірана, па стане на 31 сакавіка 2020 года ў краіне было зарэгістравана 2898 выпадкаў смерці ад COVID-19 і 44 605 пацверджаных інфекцый. Па стане на 31 сакавіка Іран займаў шостае месца па колькасці выпадкаў смерці ад COVID-19 пасля Італіі, Кітая, Іспаніі, ЗША і Францыі і сёмае месца па колькасці выпадкаў захворвання SARS-CoV-2 у свеце.
Вірус, магчыма, быў прывезены ў краіну бізнесменам з Кума, які быў у Кітаі. Іран стаў цэнтрам распаўсюджвання віруса на Блізкім Усходзе, прычым, па стане на 29 лютага, больш за дзесяць краін заяўлялі аб пранікненні віруса з Ірана на іх тэрыторыю. Дзеянні ўрада ўключалі адмену грамадскіх мерапрыемстваў і пятнічных малітваў у мячэцях, закрыццё школ, універсітэтаў, гандлёвых цэнтраў і кірмашоў, а таксама ісламскіх святынь з забаронай святкавання фестываляў[1]. Былі абвешчаныя эканамічныя меры, каб дапамагчы сем’ям і бізнесу. Урад адхіліў планы ізаляваць цэлыя гарады і раёны, і інтэнсіўны рух паміж гарадамі працягваўся да Наўруза, нягледзячы на намер абмежаваць паездкі. Пазней урад абвясціў забарону на паездкі паміж гарадамі з-за павелічэння колькасці новых выпадкаў[2].
Паводле ацэнак некаторых неіранскіх урадавых крыніц, колькасць смерцяў ад COVID-19 нашмат вышэй афіцыйных значэнняў. Урад Ірана таксама абвінавачваўся ва ўтойванні, цэнзуры і безгаспадарчасці[3][4][5][6]. Тым не менш, Сусветная арганізацыя аховы здароўя заяўляла, што ў яе не было праблем са зборам звестак у Іране, хоць пазней прадстаўнік СААЗ паказаў, што толькі пятая частка выпадкаў можа быць выяўлена ў Іране, паколькі першапачаткова тэставанне абмяжоўвалася толькі цяжкімі выпадкамі.
На пачатак сакавіка ў многіх міністраў і высокапастаўленых чыноўнікаў Ірана быў дыягнаставаны SARS-CoV-2, а таксама ў 23 членаў іранскага парламента (каля 8% усіх дэпутатаў)[7]. Да 17 сакавіка ад віруса памерла не менш за 12 дзейсных ці былых іранскіх палітыкаў і чыноўнікаў[8].
Станам на 2023 год у краіне зафіксавана 7,6 млн выпадкаў заражэння, у тым ліку 146 тыс. смерцяў[9].