Пілтдаўнскі чалавек
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Пілтда́ўнскі чалаве́к», таксама «Пільтда́ўнскі чалаве́к» (англ.: Piltdown Man; Эаантрап) — адна з самых вядомых містыфікацый XX стагоддзя. Касцяныя фрагменты (частка чэрапа і сківіцы), выяўленыя ў 1912 годзе ў жвіровым кар’еры Пілтдаўна (Усходні Сасэкс, Англія), былі прадстаўлены як скамянелыя астанкі раней невядомага старажытнага чалавека — «адсутнага звяна» ў эвалюцыі паміж малпамі і чалавекам. На працягу сарака гадоў ўзор заставаўся аб’ектам спрэчак, пакуль у 1953 годзе майстэрскую падробку ўсё ж не выкрылі і не ўстанавілі, што гэта чэрап цалкам развітога сучаснага чалавека, наўмысна злучаны з трохі падпілаванай ніжняй сківіцай арангутана і апрацаваны біхраматам калія для імітацыі старажытнай афарбоўкі. Пытанне аб аўтарстве містыфікацыі яшчэ да канца не вырашана, але галоўным падазраваным лічыцца адвакат і археолаг-аматар Чарлз Доўсан.