Прыкладное праграмнае забеспячэнне
карыстальніцкая камп’ютарная праграма / From Wikipedia, the free encyclopedia
Прыкладное праграмнае забеспячэнне (ППЗ), таксама прыкладна́я праграма (англ.: application, application software) — камп’ютарная праграма, створаная для вырашэння канкрэтнай прыкладной задачы карыстальніка. Паняцце ўведзена, каб падкрэсліць адрозненне ад сістэмных праграм, якія забяспечваюць функцыянаванне ўласна камп’ютарнай сістэмы і падтрымліваюць яе працаздольнасць, а таксама сродкаў і асяроддзяў распрацоўкі.
Прыкладная праграма ў сваёй працы часцей за ўсё абапіраецца на сістэмнае праграмнае забеспячэнне і выкарыстоўвае канцэпцыі, функцыянальнасць і магчымасці, закладзеныя ў асяроддзе, дзе яна выконваецца: аперацыйнай сістэмы, моў праграмавання, бібліятэк, архітэктурных шаблонаў і г. д. Аўтаномнай ці самастойнай прыкладной праграмай (англ.: standalone application) называецца праграма, якая не патрабуе паслуг аперацыйнай сістэмы для запуску, і сустракаецца звычайна ў сістэмах на базе мікракантролераў.
Прыкладамі прыкладных праграм з’яўляюцца тэкставыя працэсары, графічныя рэдактары, электронныя табліцы, браўзеры, паштовыя кліенты, медыяплэеры, офісныя пакеты і камп’ютарныя гульні.
Прыкладныя праграмы могуць пастаўляцца разам з камп’ютарам і яго сістэмным праграмным забеспячэннем (напрыклад, браўзер Microsoft Edge у складзе аперацыйнай сістэмы Windows) або пастаўляцца асобна праз кампакт-дыскі, вэб-сайты ці сэрвісы лічбавай дыстрыбуцыі (такія як Steam для камп’ютарных гульняў).
Прыкладныя праграмы можна падзяліць у залежнасці ад ліцэнзіі на свабодныя і несвабодныя.