Правінцыі Іспаніі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Акрамя аўтаномных супольнасцей, Іспанія ў адміністрацыйным плане падзелена на 50 правінцый[1].
Раней правінцыі мелі вялікае значэнне і значныя паўнамоцтвы, аднак пасля ўвядзення сістэмы аўтаномных супольнасцей страцілі значэнне. Правінцыі ўсё яшчэ выкарыстоўваюцца ў якасці выбарчых акруг, іх назвы выкарыстоўваюцца ў паштовых адрасах, тэлефонных кодах і для ўдакладнення геаграфічнага становішча (напрыклад, часцей будзе сказана, што гарадок знаходзіцца ў правінцыі Вальядалід, а не ў аўтаномнай супольнасці Кастылія і Леон).
- Большая частка правінцый названа па назве сталіцы, за выключэннем правінцый Алава (Араба), Астурыя, Балеарскія астравы, Біская, Гіпускаа, Кантабрыя, Ла-Рыёха і Навара.
- Сярод гарадоў, якія з'яўляюцца сталіцамі аўтаномных супольнасцей, толькі два не з'яўляюцца адначасова сталіцамі правінцый: Мерыда ў аўтаномнай супольнасці Эстрэмадура і Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Галісіі.
- Сем аўтаномных супольнасцей складаюцца толькі з адной правінцыі: Астурыя, Балеарскія астравы, Кантабрыя, Ла-Рыёха, Мадрыд, Мурсія і Навара.
Ніжэй прыведзены спіс правінцый. Для кожнай з іх пазначана аўтаномная супольнасць, часткай якой яна з'яўляецца. Там, дзе мясцовая назва не супадае з іспанскай, прыведзены абедзве (нават калі адна з іх не мае афіцыйнага статусу).