Парадокс Фермі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Парадо́кс Фе́рмі — адсутнасць бачных слядоў дзейнасці іншапланетных цывілізацый, якія мусілі б рассяліцца па ўсім Сусвеце за мільярды гадоў свайго развіцця. Парадокс быў сфармуляваны фізікам Энрыка Фермі, які паставіў пад сумненне магчымасць адкрыцця пазаземных цывілізацый, і звязаны са спробай адказаць на адно з важнейшых пытанняў усіх часоў: «Ці з’яўляецца чалавецтва адзінай тэхналагічна развітай цывілізацыяй Сусвету?». Спробай адказу на гэта пытанне служыць ураўненне Дрэйка, якое ацэньвае колькасць магчымых для кантакту пазаземных цывілізацый. Яно дае, пры пэўных выбарах вядомых параметраў, даволі высокую ацэнку шансаў на такую сустрэчу. На падобныя высновы Фермі адказаў, што, калі ў нашай галактыцы мусіць існаваць мноства развітых цывілізацый, тады «Дзе яны? Чаму мы не назіраем ніякіх слядоў разумнага пазаземнага жыцця, такіх, напрыклад, як зонды, касмічныя караблі ці радыёперадачы?». Дапушчэнні ў аснове парадоксу Фермі часта называюць Прынцыпам Фермі.
Парадокс можна сфармуляваць так: З аднаго боку, высоўваюцца шматлікія аргументы пра тое, што ў Сусвеце мусіць існаваць значная колькасць тэхналагічна развітых цывілізацый. З другога боку, няма назіранняў, якія б гэта пацвярджалі. Сітуацыя парадаксальная і прыводзіць да высновы, што або нашае разуменне прыроды, або нашыя назіранні няпоўныя і памылковыя. Як сказаў Энрыка Фермі: «Ну і дзе яны ў такім выпадку?»
Рознымі аўтарамі прапанавана вялікая колькасць тэарэтычных рашэнняў, ці тлумачэнняў парадоксу Фермі. Спектр гэтых гіпотэз вельмі шырокі: ад сцвярджэння пра ўнікальнасць Зямлі як населенай планеты або немагчымасці адрозніць штучныя сігналы ад натуральных і да «гіпотэзы заапарка».