Пакістан
краіна ў Паўднёвай Азіі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Пакіста́н (урду: پاکِستان — «зямля чыстых», англ.: Pakistan, поўная назва — Ісла́мская Рэспу́бліка Пакіста́н (урду: اسلامی جمہوریہ پاکِستان Ісламі Джумхурійе Пакіста́н, англ.: Islamic Republic of Pakistan) — дзяржава ў Паўднёвай Азіі. Мяжуе з Афганістанам (2430 км) і Іранам (909 км) на захадзе, з Індыяй на ўсходзе, з Кітаем на паўночным усходзе, мае выхад да Аравійскага мора шырынёй у кіламетраў на поўдні. На паўночным захадзе кантралюе частку спрэчнага з Індыяй штата Джаму і Кашмір. Пакістан займае геапалітычна важнае становішча на скрыжаванні Паўднёвай Азіі, Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі.
| |||||
Дэвіз: «Iman, Ittehad, Nazm (Вера, Адзінства, Дысцыпліна)» | |||||
Гімн: «Qaumi Tarana» | |||||
Дата незалежнасці | 14 жніўня 1947 (ад Вялікабрытаніі) | ||||
Афіцыйная мова | урду і англійская | ||||
Сталіца | Ісламабад | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Карачы, Лахор, Фейсалабад | ||||
Форма кіравання | змяшаная рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр | Арыф Алві Шахбаз Шарыф | ||||
Дзярж. рэлігія | іслам (суніцкага толку) | ||||
Плошча • Усяго | 35-я ў свеце 803 940 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць | 212 742 631[1] чал. (5-я) 244,4 чал./км² (6-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$1140 млрд[2] (25-ы) $5600 (137-ы) | ||||
ІРЧП | ▲ 0,562 (150-ы) | ||||
Валюта | пакістанская рупія (PKR, код 118) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .pk | ||||
Код ISO (Alpha-2) | PK | ||||
Код ISO (Alpha-3) | PAK | ||||
Код МАК | PAK | ||||
Тэлефонны код | +92 | ||||
Часавыя паясы | +5 (зімой), +6 (летам) |
Прырода Пакістана вельмі разнастайная. На поўначы знаходзяцца горы Гіндукуш вышынёй да 7690 м (гара Тырычмір), на паўночным усходзе — адгор’і Гімалаяў і Каракарума з горнымі рэкамі і азёрамі, лясамі, ледавікамі, добра захаванай фаўнай. Паўднёвы захад — паўпустынная ўскраіна Іранскага нагор’я. Усходняя частка, занятая басейнам ракі Інд — асвоеная чалавекам раўніна. Тут знаходзіцца Пенджаб — знакамітае Пяцірэчча. Аднак жыццё цягнецца вузкімі стужкамі ўздоўж рэк і каналаў. На захад ад Інда прасціраецца бязводная пясчаная пустыня Тар
Пакістанская зямля стала калыскаю старажытнаіндыйскай цывілізацыі. На працягу гісторыі тут кіравалі індусы, грэкі, мусульмане, татара-манголы, сікхі, афганцы. У ХІХ ст. ўся тэрыторыя сучаснага Пакістана ўвайшла ў склад Брытанскай Індыі. Пакістан абвясціў незалежнасць 14 жніўня 1947 года. Пакістан — адзіная ў свеце дзяржава, створаная па рэлігійнай прыкмеце. 23 мая 1956 года ўступіў у сілу Статут, паводле якога Пакістан стаў першай у свеце ісламскай рэспублікай (Дзень Рэспублікі). У выніку вайны з Індыяй (1971) Усходні Пакістан выйшаў са складу дзяржавы і стаў незалежнай рэспублікай Бангладэш. З 1998 Пакістан — адзіная краіна ісламскага свету, якая мае ядзерную зброю.
Канстытуцыя 1973 пацвердзіла рэспубліканскі лад, вернасць канонам ісламу, а таксама абвясціла Пакістан федэрацыяй (падзелены на 4 правінцыі і тры тэрыторыі). Пакістан — парламенцкая рэспубліка, урад прапісаны ў Ісламабадзе, збудаванай у 1960-я гады новай сталіцы.
Па колькасці насельніцтва ў 2018 годзе Пакістан апярэдзіў Бразілію і цяпер займае 5-е месца ў свеце. Дзяржаўныя мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Дзяржаўная рэлігія — іслам. Сталіца — Ісламабад, найбуйнейшыя гарады, галоўныя эканамічныя цэнтры — Карачы і Лахор.
Пакістан — індустрыяльна-аграрная краіна са сферай паслуг, што хутка расце. Найважнейшай галіной эканомікі застаецца сельская гаспадарка, з якой вельмі шчыльна звязана прамысловасць. У 1960-я—1970-я Пакістан стаў адным з цэнтраў Зялёнай рэвалюцыі. Па памерах эканомікі, тэмпах росту ВУП, хуткасці фармавання сярэдняга класу Пакістан уваходзіць у лік вядучых дзяржаў свету. Даследчыкі адносяць Пакістан да групы «Наступныя 11» — ліку краін, што маюць вялікі патэнцыял і могуць у хуткім часе стаць важнымі гульцамі на сусветнай эканамічнай арэне. Пры гэтым краіна працягвае пакутваць ад сваіх традыцыйных праблемаў: перанаселенасці, беднасці, непісьменнасці, тэрарызму. Пакістан — сябра ААН, ШАС, Руху недалучэння, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, Садружнасці нацый, рэгіянальнай арганізацыі СААРК і інш.