Пазванок
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пазванок (лац.: vertebra) — складальны элемент (косць) пазваночнага слупа.
Розныя групы пазваночных жывёл маюць розную колькасць пазванкоў у пазваночным слупе. У шэрагу груп — напрыклад, у птушак ці сысуноў — некаторыя пазванкі зліваюцца, ствараючы больш трывалыя ўтварэнні. У чалавека ў норме пазваночны слуп мае 33—34 пазванкі, уключаючы 5 зрослых у так званы крыж; акрамя таго, ад 3 да 5 пазванкоў, зрастаючыся, фарміруюць хвастцовую косць. Свабодныя пазванкі паміж сабой маюць праслойкі храстковай тканкі — так званыя міжпазванковыя дыскі.
Падобныя па будове і функцыях пазванкі фарміруюць розныя аддзелы пазваночнага слупа: шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы, хваставы. Адпаведна з назвамі аддзелаў, і самі пазванкі называюцца па назве аддзела (напрыклад: першы грудны пазванок). Выключэнне складаюць першыя два шыйныя пазванкі, якія маюць уласныя назвы: атлант і эпістрафей. Найбольш пастаянны па колькасці пазванкоў шыйны аддзел, які ў большасці груп пазваночных уключае 7 пазванкоў.
Пазванкі бываюць рознай формы; яны могуць мець і дадатковыя адросткі. У рыб, некаторых земнаводных і паўзуноў форма сучляноўных паверхняў пазванкоў дваякаўвагнутая (амфіцэльная). У большасці земнаводных і паўзуноў у сувязі з патрэбнасцю ў рухомасці цела пазванкі становяцца працэльнымі, г.зн. увагнутымі спераду, ззаду выпуклымі, або апістацэльнымі — спераду выпуклымі, ззаду ўвагнутымі; у птушак — гетэрацэльнымі, г.зн. седлападобнымі. У сысуноў паміж пазванкамі размешчаны міжпазванковыя храсткі, у сувязі з чым цела пазванкоў маюць плоска-ўвагнутую форму: плаціцэльныя пазванкі.