Пагадненне Сікорскага — Майскага
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пагадненне аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж СССР і ўрадам Польскай Рэспублікі ў выгнанні (больш вядомы як «дагавор (пагадненне) Майскага — Сікорскага» ці «Сікорскага — Майскага») — двухбаковы дагавор, падпісаны 30 ліпеня 1941 года прэм'ер-міністрам польскага ўрада ў выгнанні генералам Уладзіславам Сікорскім і паслом СССР у Вялікабрытаніі І. М. Майскім у будынку МЗС Вялікабрытаніі ў прысутнасці брытанскага міністра замежных спраў Э. Ідэна і прэм'ер-міністра У. Чэрчыля.
Аднаўляючы спыненыя 17 верасня ў аднабаковым парадку дыпламатычныя адносіны, Савецкі ўрад прызнаваў, што савецка-германскія дагаворы 1939 года страцілі моц у частцы тэрытарыяльных змен у Польшчы. СССР пагадзіўся на фарміраванне на савецкай тэрыторыі польскай арміі пад польскім камандаваннем, у аператыўным плане падпарадкаванай савецкаму Вярхоўнаму Камандаванню. У дадатку да пагаднення адзначалася, што Савецкі Урад дае амністыю ўсім польскім ваеннапалонным і польскім грамадзянам, якія знаяходзяцца ў зняволенні на савецкай тэрыторыі. Польскаму ўраду не ўдалося дамагчыся анулявання савецка-літоўскага пагаднення аб перадачы Вільні. Асноўнымі вынікамі гэтага пагаднення стала: фарміраванне Арміі Андэрса і вызваленне звыш 400 тысяч польскіх грамадзян, што знаходзіліся ў СССР, з месцаў ссылкі, дэпартацыі і зняволення.
25 красавіка 1943 года СССР ізноў разарваў дыпламатычныя адносіны з польскім урадам у Лондане, абвінаваціўшы яго ў супрацоўніцтве з немцамі, пасля таго як польскі ўрад пагадзіўся на расследаванне Міжнароднага Чырвонага Крыжа на акупаванай немцамі тэрыторыі ў дачыненні да пахаванняў у Катынскім лесе.