Лонданскае графства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лонданскае графства — англійскае графства з 1889 па 1965 год, у наш час вядомае як Унутраны Лондан. Яго стварэнне было часткай праграмы па агульным увядзенні новай сістэмы акруговага кіравання, якая адпавядае закону аб мясцовым самакіраванні 1888 года. Паводле закона стваралася адміністрацыйнае Лонданскае графства, у якое ўключалася таксама тэрыторыя лонданскага Сіці. Аднак, Сіці і Лонданскае графства падзяляліся, калі гаворка ішла пра «не адміністрацыйныя» мэты.[1] Органам мясцовага кіравання быў Савет Лонданскага графства (LCC), які спачатку меў абмежаваны набор функцый, але ў час свайго 76-гадовага існавання атрымаў дадатковыя правы. LCC меў мала ўлады на тэрыторыі Сіці, дзе мясцовае кіраванне манапалізавала старая Карпарацыя, якая захавала свае правы да нашых дзён.[1] У 1900 годзе з меней значных сельскіх прыходаў і раёнаў былі сфарміраваны 28 сталічных бора. Да 1961 годзе тэрыторыя графства складала 303,12 км². За час існавання Лонданскага графства на яго тэрыторыі назіралася доўгатэрміновае зніжэнне колькасці насельніцтва з прычыны вялікай колькасці жыхароў, якія пераязджалі ў прыгарады. Гэта з’ява прыводзіла да перыядычных пераглядаў сістэмы мясцовага кіравання і спробаў пашырэння граніц графства. У 1965 годзе ў адпаведнасці з законам аб кіраванні Лонданам 1963 года на месцы графства была сфарміравана вялікая адміністрацыйная адзінка — Вялікі Лондан.