Клетачнае ядро
From Wikipedia, the free encyclopedia
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ядро.
Ядро (лац.: nucleus) — абавязковая частка клеткі ў многіх аднаклетачных і ўсіх шматклетачных арганізмаў. Па наяўнасці або адсутнасці ў клетках аформленага ядра ўсе арганізмы падзяляюць адпаведна на эўкарыётаў і пракарыётаў. Ядро — важнейшая структура клетак эўкарыётаў, што змяшчае генетычную інфармацыю (малекулы ДНК), кіруе сінтэзам бялкоў, фізіялагічнымі і марфалагічнымі працэсамі ў клетцы.
Большасць клетак маюць ядро. Зрэдку сустракаюцца двух’ядзерныя (інфузорыя-туфелька) і мнагаядзерныя клеткі (некаторыя пратысты, клеткі грыбоў, папярочнапаласатыя мышачныя валокны). Некаторыя клеткі ў спелым стане не маюць ядра, напрыклад эрытрацыты млекакормячых, клеткі сітападобных трубак кветкавых раслін. Такія клеткі не здольныя да размнажэння.