Катынскі расстрэл
From Wikipedia, the free encyclopedia
Катынскі расстрэл (польск.: zbrodnia katyńska — «катынскае злачынства») — савецкае вайсковае злачынства, масавыя забойствы польскіх грамадзян, галоўным чынам палонных афіцэраў польскага войска, здзейсненыя вясной 1940 года. Катынь — лясны масіў у 30 км на захад ад Смаленска, дзе расстрэлы здзяйсняліся паводле рашэння «тройкі» НКУС СССР у адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК УКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года[2][3][4]. Паводле абнародаваных архіўных дакументаў, усяго былі расстраляныя 21 857 чалавек[1][5].
Катынскі расстрэл | |
---|---|
| |
Спосаб забойства | расстрэл |
Зброя | Пісталеты «Вальтэр» і «Браўнінг» |
Месца | СССР: Катынь |
Каардынаты | 54°46′24″ пн. ш. 31°47′20″ у. д.HGЯO |
Дата | пачатак красавіка — канец мая 1940 года |
Нападнікі | супрацоўнікі НКУС СССР |
Забітыя | 21 857[1] |
Канфлікт | Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну, 1939 і Soviet repressions of Polish citizens (1939–46)[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У верасні-кастрычніку 1939 года польскія афіцэры былі інтэрніраваны Чырвонай Арміяй у час паходу ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у Казельску (Смаленская, цяпер Калужская вобласць). У красавіку-маі 1940 года былі расстраляны каля 4400[6] польскіх афіцэраў.
Тэрмін «Катынскі расстрэл» спачатку выкарыстоўваўся ў дачыненні пакарання смерцю польскіх афіцэраў у Катынскім лесе. Пасля знаходжання іншых масавых пахаванняў польскіх грамадзян, а таксама савецкіх архіўных дакументаў, якія сведчылі пра расстрэлы, тэрміны «Катынскі расстрэл» і «Катынскае злачынства» сталі ўжываць таксама ў адносінах да праведзеных у красавіка-маі 1940 года расстрэлаў польскіх грамадзян, якія змяшчаліся ў розных лагерах і турмах НКУС СССР[5].
Вядомыя чатыры групы масавых пахаванняў ахвяр расстрэлу: у Катынскім лесе, блізу Меднага (Цверская вобласць) (руск.) (бел., на ўскраіне Харкава і каля пасёлка Быкаўня (польск.) (бел. пад Кіевам. Да эксгумацыйных работ 1990-х гадоў было дакладна вядома толькі аб Катынскім пахаванні, таму за серыяй злачынстваў на розных тэрыторыях замацавалася назва менавіта гэтай лакацыі.
Упершыню пра Катынь даведаліся ад мясцовых жыхароў польскія чыгуначнікі, якія ў 1942 годзе працавалі пад Смаленскам у нямецкіх брыгадах. У сакавіку-красавіку 1943 года група нямецкіх экспертаў на чале з прафесарам Буцам выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. 10 красавіка 1943 года немцы накіравалі ў Катынь групу польскіх грамадскіх дзеячаў з Варшавы і Кракава. 13 красавіка 1943 года нямецкае радыё паведаміла ўсяму свету пра пахаванні ў Катыні і назвала лічбу 10 тысяч чалавек.
Пра знаходжанне масавых пахаванняў у Катынскім лесе ў 1943 годзе заявіў Рудольф-Крыстоф фон Герсдарф[7], прадстаўнік Германіі, якая акупавала гэтыя тэрыторыі падчас рэалізацыі аперацыі «Барбароса». Скліканая Германіяй міжнародная камісія правяла экспертызу і вырашыла, што расстрэлы здзейснены НКУС увесну 1940 года. У сваю чаргу Савецкі Саюз адмаўляў сваё дачыненне да таго, што адбылося.
15 красавіка 1943 года савецкі ўрад адхіліў сваё дачыненне да знішчэння польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Паводле паведамлення ТАСС, польскія ваеннапалонныя ўдзельнічалі ў будаўнічых работах пад Смаленскам і ў час летняга нямецкага наступлення 1941 года былі ўзяты ў палон і потым знішчаны. Пасля вызвалення ў верасні 1943 года Смаленска савецкімі войскамі была створана «Спецыяльная камісія па ўстанаўленні і расследаванні абставін расстрэлу нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Катынскім лесе ваеннапалонных польскіх афіцэраў» на чале з акадэмікам Мікалаем Бурдэнкам. Яна эксгуміравала ў Катыні 925 трупаў, знайшла рэчавыя доказы, дакументы і зрабіла вывад, што польскіх афіцэраў восенню 1941 расстралялі немцы. Савецкае расследаванне Катынскай справы (1943—1944) вырашыла, што польскія грамадзяне былі расстраляны нямецкімі акупацыйнымі войскамі. Паведамленне камісіі было апублікавана ў газеце «Правда» (26 студзеня 1944 года), «Комсомольская правда» (27 студзеня 1944 года). Гэта заключэнне было афіцыйным пунктам погляду ў СССР і краінах Варшаўскага дагавора да 1990 года, калі кіраўніцтва СССР афіцыйна прызнала адказнасць НКУС СССР[8].
13 красавіка 1990 года Прэзідэнт СССР М. Гарбачоў перадаў Прэзідэнту Рэспублікі Польшча В. Ярузельскаму копіі знойдзеных быццам бы ў самы апошні час савецкімі архівістамі і гісторыкамі спісаў і іншых матэрыялаў былога Галоўнага ўпраўлення па справах ваеннапалонных і інтэрніраваных НКУС СССР. Пры гэтым Гарбачоў падкрэсліў, што тысячы польскіх грамадзян, якія загінулі ў смаленскіх лясах паўстагоддзя таму назад, сталі ахвярамі Л. Берыі і яго падручных.
Расследаванне Галоўнай ваеннай пракуратуры Расіі, якое завяршылася ў 2004 годзе, пацвердзіла вынясенне «тройкай НКУС» смяротных прысудаў 14 542 польскім ваеннапалонным па вінавачанні ў здзяйсненні дзяржаўных злачынстваў і дакладна выявіла смерць 1803 чалавек і асобу 22 з іх[9][10].
Тэма Катынскага расстрэлу працяглы час ускладняла польска-расійскія адносіны. У 2010 годзе прэзідэнт Расіі Д. А. Мядзведзеў адзначыў: «Катынская трагедыя — гэты вынік злачынства І. Сталіна і шэрага яго паслугачоў. Пазіцыя расійскай дзяржавы па гэтым пытанні даўно сфармулявана і застаецца нязменнай»[11].
10 красавіка 2010 года пад Смаленскам пацярпеў крушэнне самалёт прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага Ту-154[12]. На борце самалёта знаходзілася 96 чалавек — 88 пасажыраў і 8 членаў экіпажа, якія ляцелі на жалобныя мерапрыемствы ў Катыні з нагоды 70-годдзя Катынскага злачынства[13].
26 лістапада 2010 года Дзярждума Расіі прыняла заяву «Аб Катынскай трагедыі і яе ахвярах», у якой прызнае, што масавы расстрэл польскіх грамадзян у Катыні быў зроблены згодна прамому ўказанню Сталіна і іншых савецкіх кіраўнікоў[14] і з'яўляецца злачынствам сталінскага рэжыма[15].
У красавіку 2012 года ЕСПЧ класіфікаваў Катынскі расстрэл як ваеннае злачынства[16].