Каталіцтва ў Беларусі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сёння ў Беларусі каталіцтва з’яўляецца другой па колькасці вернікаў канфесіяй у краіне. У Беларусі Каталіцкая Царква прадстаўлена двума абрадамі: лацінскім (дакладней, рымскім) і візантыйскім. Рымска-Каталіцкі Касцёл прадстаўлены структурна 4 дыяцэзіямі, якія ўтвараюць Мінска-Магілёўскую Мітраполію. Агульная колькасць каталікоў рымскага абраду — каля 1,4 млн асоб, у прыватнасці, Мінска-Магілёўская Архідыяцэзія мае 610 490 вернікаў, Пінская Дыяцэзія — 50 115, Гродзенская Дыяцэзія — 591 000, Віцебская Дыяцэзія — 151 000[1]. Каталікі візантыйскага абраду аб'яднаныя ў Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву (БГКЦ), якая мае складаны кананічны статус у межах самой Каталіцкай Царквы (фактычна, не ўрэгуляваны да канца). Колькасць грэка-каталікоў вагаецца, у залежнасці ад метаду падліку, ад 3000 (людзі, якія вызнаюць сябе грэка-каталікамі і з'яўляюцца парафіянамі БГКЦ) да, прыкладна, 30 000 асоб (пры вызначэнні абрадавай прыналежнасці ў адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права Рымска-Каталіцкага Касцёла і Кодэксам Канонаў Усходніх Цэркваў; зрэшты, гэта метадалогія падліку абсалютна не ўлічвае рэлігійную самаідэнтыфікацыю людзей і іх актуальную практыку).