Гісторыя Папуа — Новай Гвінеі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Людзі ўпершыню засялілі тэрыторыю Папуа — Новай Гвінеі 60-45 тысяч гадоў таму з тэрыторыі Паўднёва-Усходняй Азіі, пераадолеўшы некалькі марскіх праліваў. У той час узровень мора быў ніжэй і востраў складаў адно цэлае з Аўстраліяй. Узровень мора падняўся ў канцы апошняга ледніковага перыяду, каля 12 тысяч гадоў таму. На тэрыторыі выспы знаходзіўся адзін з самых старажытных цэнтраў узнікнення земляробства. Па археалагічных дадзеных, яно ўзнікла там каля 8-10 тысяч гадоў таму, амаль адначасова з урадлівым паўмесяцам.
Да часу еўрапейскай каланізацыі тэрыторыя Папуа — Новай Гвінеі была населена папуасамі і меланезійцамі. Яны жылі ва ўмовах каменнага веку, займаючыся паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. У горных раёнах вострава — земляробствам.
Новая Гвінея была адкрыта ў 1526 г. партугальскім мараплаўцам Жоржы ды Менэзішам. Назву востраву даў іспанскі мараплавец Іньіга Орціс дэ Рэтэс у 1545 г., угледзеўшы падабенства насельніцтва з насельніцтвам афрыканскай Гвінеі.
Даследаванне вострава і пранікненне туды еўрапейцаў пачалося толькі ў XIX ст. Так, рускі даследчык Міклуха-Маклай пражыў сярод папуасаў амаль чатыры гады (у 1870-х і ў пачатку 1880-х гадоў). У XIX ст. Папуа — Новую Гвінею наведвалі і іншыя еўрапейцы — гандляры, кіталовы, місіянеры. Еўрапейцы прывезлі ў Папуа — Новую Гвінею першыя жалезныя прылады.