Гісторыя Інданезіі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісто́рыя Індане́зіі — гісторыя Рэспублікі Інданезіі, а таксама дзяржаўных утварэнняў, каланіяльных уладанняў і іншых чалавечых супольнасцяў, што існавалі раней на тэрыторыі гэтай цяперашняй дзяржавы.
У дагістарычны час на тэрыторыі Інданезіі знаходзіліся адны з найранейшых арэалаў старажытных людзей. Яе засяленне чалавекам разумным пачалося каля 45 000 гадоў назад, пасля было некалькі буйных міграцыйных хваль з кантынентальнай часткі Азіі.
Фарміраванне дзяржаўных утварэнняў пачалося ў I—III стагоддзях н.э. Найбуйнейшымі сярэднявечнымі дзяржавамі былі Шрывіджая (VII—XIII стагоддзі) і Маджапахіт (XIII—XVI стагоддзі), якія шырылі свой кантроль на значную частку Малайскага архіпелага.
У першай палове XVI стагоддзя пачалося пранікненне еўрапейскіх каланізатараў. Перамогу ў барацьбе за засваенне гэтай часткі Паўднёва-Усходняй Азіі здабылі Нідэрланды, якія да пачатку XX стагоддзя аб’ядналі пад сваёй уладай практычна ўсю тэрыторыю сучаснай Інданезіі ў складзе валодання Галандскай Ост-Індыі.
Незалежнасць краіны была абвешчана 17 жніўня 1945 года пасля яе трохгадовай акупацыі ўзброенымі сіламі Японіі (руск.) (бел. падчас II Сусветнай вайны.
Станаўленне суверэннай дзяржавы суправаджалася працяглай узброенай барацьбой з Нідэрландамі, якія спрабавалі аднавіць свой кантроль над былой калоніяй. Найважнейшымі этапнымі пунктамі сучаснай гісторыі былі палітычны крызіс 1965 года, які завяршыўся ўсталяваннем у краіне ваеннага рэжыму, і маштабныя ліберальна-дэмакратычныя ператварэнні канца 1990-х — пачатку 2000-х гадоў.