Геаграфія Венесуэлы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Венесуэла — дзяржава плошчай 916 тыс. кв.км. на поўначы Паўднёвай Амерыкі. На поўначы на працягу 2800 км абмываецца цёплымі водамі Карыбскага мора i Атлантычнага акіяна. У Карыбскім моры Венесуэле належаць шматлікія астравы, найбуйнейшы з якіх — Маргарыта. Мяжуе з Гаянай на ўсходзе, з Калумбіяй на захадзе, з Бразіліяй на поўдні. На паўночным усходзе мае марскую мяжу з Трынідадам і Табага. Межы у асноўным цяжкапраходныя, ідуць па забалочаных і залесеных нізінах, стромых плато і высозных гарах. Такі характар межаў, з аднаго боку, спрыяе бяспецы краіны, з іншага — замінае развіццю інтэграцыі з суседзямі. Венесуэла прэтэндуе на дзве траціны тэрыторыі суседняй Гаяны на захад ад ракі Эсекіба.
Краявіды Венесуэлы змяняюцца ад заснежаных пікаў Анд да саваннаў Арынокскай нізіны, ад дажджавых лясоў Амазоніі да сталовых гор Гвіянскага пласкагор’я. Жывая прырода Венесуэлы характарызуецца выключным відавым багаццем, аб чым сведчыць сёмае месца ў спісе краін паводле біяразнастайнасці.