Бяссцёкавая вобласць
From Wikipedia, the free encyclopedia
Бяссцёкавая вобласць — частка сушы, якая не мае сувязі праз рачныя сістэмы з Сусветным акіянам. Рачны басейн, размешчаны ўнутры такой вобласці, называецца бяссцёкавым або замкнутым басейнам. Дно такога басейна, як правіла, займае бяссцёкавае возера — возера, якое не мае паверхневага сцёку ці падземнага адводу вады ў суседнія вадазборы. Такія азёры з’яўляюцца салёнымі або нават высахлымі саланчакамі.
Вільгаць, якая ўзнікае ў выніку дажджоў (ці іншых ападкаў), што выпадаюць у бяссцёкавай вобласці, можа пакінуць басейн толькі праз выпарэнне або прасочванне. Найбольш часта бяссцёкавыя азёры размешчаны ў бяссцёкавых абласцях стэпавай і паўпустыннай зон, а таксама ў абласцях суцэльнага распаўсюджвання шматгадовамерзлых парод. Найбольш буйныя бяссцёкавыя вобласці знаходзяцца ў Афрыцы і Азіі. Сумарная плошча ўсіх бяссцёкавых абласцей складае каля 18 % усёй сушы.