Бразільскі інтэгралізм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Бразільскі інтэгралізм (парт.: Integralismo brasileiro) — палітычны рух з фашысцкай ідэалогіяй[1][2][3], заснаваны ў кастрычніку 1932 яго нязменным лідарам Плініу Салгаду, пісьменнікам, які праславіўся падчас Тыдня сучаснага мастацтва 1922 у Сан-Паўлу. Рух запазычыў асноўныя рысы італьянскага фашызму. Аднак інтэгралісты мелі манарха-фашысцкі палітычны курс, і не прызнавалі расізм, што адлюстравана ў іх слогане «Яднанне для ўсіх рас і народаў» і ў тым што ў партыю прымалі людзей розных рас, у тым ліку неграў.[4] Партыя інтэгралістаў называлася «Бразільскае інтэгралісцкае дзеянне» (парт.: Ação Integralista Brasileira, AIB). Слова «інтэгралізм» выкарыстоўвалася таксама традыцыяналісцкім рухам партугальскіх інтэгралістаў (парт.: Integralismo Lusitano). Сцяг АІБ уяўляе сабой нябесна-блакітнае палотнішча з белым кругам, унутры якога знаходзіцца вялікая грэчаская літара Σ.
Рух меў напаўваенную арганізацыю і ўласную ўніформу, адметнай рысай якой былі зялёныя кашулі. АІБ праводзіла арганізаваныя дэманстрацыі, яе палітычная праграма ўключала непрыманне марксізму і лібералізму, нацыяналізм у кантэксце разнастайнай і памяркоўнай нацыі пад уплывам «хрысціянскай маралі». Як і еўрапейскія фашысты, інтэгралісты абапіраліся на сярэдні клас. Яны прыцягнулі на свой бок многіх афіцэраў, асабліва ў флоце. Стаўленне да яўрэяў было прадметам дыскусіі паміж лідарамі партыі — Салгаду быў супраць антысемітызму, аднак Густаву Барозу, глава Інтэгралісцкай міліцыі (ваенізаваныя фарміраванні) быў вядомы сваёй непрыязнасцю да яўрэяў.[5] Гэта прывяло прынамсі да двух канфліктаў унутры руху, у 1935 і ў 1936, калі Салгаду ледзь не адмовіўся ад кіраўніцтва. Адзін з найгалоўных прынцыпаў інтэгралісцкай ідэалогіі — так званая «ўнутраная рэвалюцыя» або «асабістая рэвалюцыя», падчас якой чалавека падахвочвалі перастаць думаць толькі пра сябе і пачынаў уваходзіць у гіганцкую сям'ю інтэгралістаў, становячыся адзіным з Айчынай, забываючы пра эгаістычныя і «злыя» каштоўнасці.