Амазонка
рака ў Паўднёвай Амерыцы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Амазонка (ісп.: Amazonas, парт.: Amazonas) — рака ў Паўднёвай Амерыцы, найбуйнейшая ў свеце па памерах басейна, паўнаводнасці і даўжыні рачной сістэмы. Утвараецца зліццём рэк Мараньён і Укаялі.
Амазонка | |
---|---|
ісп. Amazonas, парт. Amazonas | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 6992,06[1] км |
Басейн | 7 180 тыс. км² |
Расход вады | 220 тыс. м³/с |
Вадацёк | |
Выток | Мараньён і Укаялі |
• Вышыня | 110 м |
• Каардынаты | 4°26′54″ пд. ш. 73°27′21″ з. д.HGЯO |
Вусце | Атлантычны акіян |
• Вышыня | 0 м |
• Каардынаты | 0°42′28″ пн. ш. 50°05′22″ з. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Даўжыня ад галоўнага вытоку Мараньён 6992,06 км[1], ад адкрытага ў канцы XX стагоддзя вытоку Апачэта — каля 7000 км, ад вытоку Укаялі звыш 7000 км. Плошча басейна — 7180 тыс. км² (паводле іншых дадзеных 6915 тыс. км²). Гэта прыкметна перавышае басейн эстуарыя Ла-Плата (4140 тыс. км²) і Конга (каля 3700 тыс. км²) і амаль роўна плошчы Аўстраліі.
Большая частка басейна Амазонкі належыць Бразіліі, паўднёва-заходнія і заходнія раёны — Балівіі, Перу, Эквадору і Калумбіі. Працякаючы большай часткай па Амазонскай нізіне у субшыротным кірунку блізу экватара, Амазонка ўпадае ў Атлантычны акіян, утвараючы адну з самых вялікіх ў свеце дэльт (плошчай звыш 100 тыс. км² і ўключае самы вялікі ў свеце рачны востраў Маражо), па плошчы параўнальны са Швейцарыяй.
Амазонку жывяць шматлікія прытокі; каля 20 з іх даўжынёй больш за 1500 км. Найбольш значныя прытокі: справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс; злева — Іса, Жапура, Жутаі, Рыу-Негру.
Сярэдні расход у ніжнім цячэнні каля 220 тыс. м³/с (вагаецца па сезонах ад 70 да 300 тыс. м³/с і больш). Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15 % агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Уздым вады ў паўночных і паўднёвых прытоках Амазонкі бывае ў розны час года. Гэта сур’ёзна згладжвае ваганні ўзроўню Амазонкі, таму яна паўнаводная ўвесь год. Пры ўздыме вады рака затапляе шырокія прасторы, утвараючы непраходныя балоты. Цвёрды сцёк — больш за 1 млрд тон. Прылівы пранікаюць уверх па рацэ на 1400 км і ў вусцевай часткі суправаджаюцца борам (мясцовая назва — парарока).
Паводле дадзеных Дэпартамента геафізікі бразільскай Нацыянальнай абсерваторыі, у адным кірунку з Амазонкай, але на глыбіні 4 тыс. метраў, працякае падземная рака Хамза (Hamza), якая жывіцца грунтавымі водамі. Яе сцёк ацэньваецца ў 3 тыс. м³/с[2].
Разам з прытокамі Амазонка ўтварае сістэму ўнутраных водных шляхоў агульнай даўжынёй больш за 25 тыс. км. Галоўнае рэчышча Амазонкі суднаходнае на 4300 км (да Анд). Да горада Манаус (1690 км ад вусця) падымаюцца акіянскія караблі. Галоўныя парты (знізу ўверх): Белен, Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).
У 2011 годзе паводле вынікаў сусветнага конкурсу Амазонка прызнана адным з сямі прыродных цудаў свету[2].