Іліяда
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ілія́да (стар.-грэч.: Ἰλιάς) — старажытнагрэчаская эпічная паэма пра Іліён (Трою), якую прыпісваюць эпічнаму старажытнагрэчаскаму паэту Гамеру.
Прынята лічыць, што «Іліяда» з’явілася ў 9—8 стагоддзях да н.э. у грэчаскіх іанійскіх гарадах Малой Азіі, на аснове паданняў крыта-мікенскай эпохі пра Траянскую вайну. Паэма напісана гекзаметрам (каля 15 700 радкоў), у 4—3 стагоддзях да н.э. антычны філолаг Зенадот Эфескі падзяліў паэму на 24 песні. «Іліяда» расказвае пра гераічную асаду Троі шматплямённым ахейскім апалчэннем на чале з мікенскім уладаром Агамемнанам. Галоўныя героі паэмы — Ахіл, Менелай, Гектар і іншыя правадыры.
«Іліяда» прадстаўляе свет цэласным, усёвымерным, якасна аднастайным. У старажытнасці паэма лічылася зводам ведаў, крыніцай філасофіі і паэзіі, разам з тым захавала высокую мастацкую і гістарычную каштоўнасць. Рэальнасць значнай колькасці гістарычных і геаграфічных фактаў эпічнай асновы засведчана археалагічнымі раскопкамі, якія пачаў нямецкі археолаг Генрых Шліман. У 1869 годзе ён выказаў смелую думку, што месцам Троі з’яўляўся курган Гісарлык у Малой Азіі. Раскопкі 1870—1890 гадоў пацвердзілі яго гіпотэзу, што гамераўскі эпас меў салідную фактычную аснову.