Ізаглоса кентум-сатэм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ізагло́са ке́нтум-сатэм — адна з ізаглос індаеўрапейскай моўнай сям'і, якая ўзнікла ў выніку рознай эвалюцыі трох радоў сярэднеязычных зычных у розных індаеўрапейскіх мовах[1]:
*kʷ, | *gʷ, | *gʷʰ | (лабіявелярныя) |
*k, | *g, | *gʰ | (велярныя) |
*ḱ, | *ǵ, | *ǵʰ | (палатавелярныя) |
Тэрмін кентум-сатэм паходзіць ад традыцыйнага прыкладу эвалюцыі гэтых зычных у розных індаеўрапейскіх мовах на ўзоры праіндаеўрапейскага слова для лічэбніка сто ў лацінскай мове (пераход у /k/: centum) і авестыйскай[заўв 1] (пераход у фрыкатыў: satəm).
Мовы кентум уключаюць у сябе італійскую, кельцкую, германскую, грэчаскую і тахарскую галіны індаеўрапейскай моўнай сям'і. У мовах кентум звычайныя і палатальныя велярныя зычныя праіндаеўрапейскай мовы зліліся ў звычайныя велярныя, аднак захаваўся трэці рад з лабіявелярных зычных[1]. Тахарскія мовы шмат у чым адлюстроўваюць пераход усіх трох згаданых радоў, а таксама ўсіх звонкіх або аспіраваных зычных у адну фанему — /k/, што падштурхоўвае некаторых лінгвістаў да меркавання, што тахарскія мовы не ўпісваюцца ў канцэпцыю кентум-сатэм[2]. Нягледзячы на гэта, некаторыя праіндаеўрапейскія лабіявелярныя ў тахарскіх мовах гістарычна перайшлі ў лабіявелярападобны /ku/; разам з іншымі доказамі гэтыя абставіны сведчаць пра адрозненне лабіявелярных у пратахарскай мове і толькі пазнейшае зліццё гэтых гукаў з велярнымі, і таму тахарская з'яўляецца яўна кентумнай мовай[3].
Да моў сатэм прынята адносіць мовы, у якіх адбыўся пераход трох узгаданых серый зычных у сібілянты (свісцячыя зычныя). Падобны пераход уласцівы мовам індаіранскай, балцкай, славянскай галін, а таксама армянскай мове, якая мае асобнае месца сярод індаеўрапейскіх моў. Гэтыя мовы, як правіла, страцілі агубленае вымаўленне праіндаеўрапейскіх лабіявелярных, з-за чаго яны аб'ядналіся з велярнымі, у той час як палатальныя захаваліся[1]. Балта-славянскія ў асноўным з'яўляюцца сатэмнымі мовамі, але некаторыя словы маюць кентумныя рысы, з-за чаго сатэмізацыя ў гэтых мовах магла стаць няпоўнай.
Адны з апошніх звестак, атрыманых пры даследаваннях лувійскай мовы, сведчаць пра адрозненне ўсіх трох радоў зычных у праанаталійскай мове (продак т.зв. анаталійскіх моў — вымерлых індаеўрапейскіх моў цэнтральнай Турцыі)[3][4]. Нягледзячы на гэта, у хецкай мове, найвядомейшай з анаталійскіх моў, была кентумізацыя, якая з'явілася ў мове пасля распаду агульнаанаталійскай мовы[3].
Паняцце ізаглосы кентум-сатэм ужываецца толькі адносна бацькоўскай мовы, у якой быў поўны набор заднеязычных зычных. Пазнейшыя гукавыя змены ў асобных галінах індаеўрапейскай сям'і, падобныя да змен кентум ці сатэм, з гэтага паняцця звычайна выключаюцца. Напрыклад, у паняцце ізаглосы кентум-сатэм не ўваходзіць пераход лацінскага k у s у некаторых раманскіх або зліццё *kʷ з *k у гайдэльскіх мовах.