Прырода
From Wikipedia, the free encyclopedia
Прыро́да — арганічны й неарганічны матэрыяльны сьвет, Сусьвет, ва ўсёй сукупнасьці й сувязях ягоных формаў, зьяўляецца аб’ектам чалавечай дзейнасьці й пазнаньня, асноўны аб’ект вывучэньня навукі, уключаючы тое, што было створана дзейнасьцю чалавека. Менавіта ў такім, шырокім разуменьні прырода вывучаецца прыродазнаўствам, то бок сукупнасьцю навук пра свет, якія ставяць перад сабой мэту адкрыцьця законаў прыроды. У гэты шырокі панятак таксама ўваходзіць больш вузкі, то бок навакольнае асяродзьдзе ў геафізычным, геахімічным, кліматычным і біялягічным вымярэньні.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Прырода (неадназначнасьць).
У розных ужываньнях слова «прырода» часьцяком спасылаецца на геалёгію й дзікую прыроду. Прырода можа ставіцца да усіх біялягічных царстваў, а ў некаторых выпадках да працэсаў, зьвязаных з неадушаўлёнымі прадметамі, напрыклад, як яны існуюць і зьмяняюцца бяз узьдзеяньня на іх, як то надвор’е й геалёгія Зямлі, а таксама да матэрыі й энэргіі, зь якіх гэтыя рэчы складаюцца. Тэрмін часьцяком разумеецца як «натуральнае асяродзьдзе», або сукупнасьць пустэльняў, дзікіх жывёлаў, камянёў, лесу, пляжаў, і ў цэлым тых рэчаў, якія не былі істотна зьменены умяшаньнем чалавека, або якія захоўваюцца нягледзячы на ўмяшаньне чалавека. Напрыклад, прамысловыя аб’екты й чалавечае ўзаемадзеяньне як правіла, не разглядаецца як частка прыроды, калі не кваліфікуецца як, напрыклад, «чалавечая прырода» або «уся прырода». Гэта традыцыйная канцэпцыя натуральных рэчаў, якая праводзіць розьніцу паміж натуральным і штучным, пры якім штучнае разумеецца як тое, што было створана сьвядомасьцю чалавека ці ягоным розумам. У залежнасьці ад канкрэтнага кантэксту, тэрмін «прыродны» можа таксама адрозьніваць рэчы ад ненатуральнага, звышнатуральнага або сынтэтычнага паходжаньня.