Мэтрычная сыстэма мер
From Wikipedia, the free encyclopedia
Мэтры́чная сыстэ́ма — агульная назва міжнароднай дзесятковай сыстэмы адзінак, заснаванай на выкарыстаньні мэтру й граму. На працягу двух апошніх стагодзьдзяў існавалі розныя варыянты мэтрычнай сыстэмы, якія адрозьніваюцца выбарам асноўных адзінак. У цяперашні час міжнародна прызнанай зьяўляецца сыстэма СІ. Пры некаторых адрозненьнях у дэталях, элемэнты сыстэмы аднолькавыя ва ўсім сьвеце. Мэтрычныя адзінкі шырока выкарыстоўваюцца па ўсім сьвеце як у навуковых мэтах, так і ў паўсядзённым жыцьці.
Асноўнае адрозьненьне мэтрычнай сыстэмы ад ужывальных раней традыцыйных сыстэм складаецца ў выкарыстаньні спарадкаванага набору адзінак вымярэньня. Для любой фізычнай велічыні існуе толькі адна галоўная адзінка і набор дзельных і кратных адзінак, утвараных стандартным чынам з дапамогай дзесятковых прыставак. Тым самым ухіляецца нязручнасьць ад выкарыстаньня вялікай колькасьці розных адзінак (такіх, напрыклад, як цаля, футы, фадэны, мілі і т. д.) са складанымі правіламі пераўтварэньня паміж імі. У мэтрычнай сыстэме пераўтварэньне зводзіцца да множаньня або дзяленьня на ступень ліку 10, гэта значыць да простай перастановы коскі ў дзесятковым дробе.
Прадпрымаліся спробы ўводзін мэтрычных адзінак для вымярэньня часу (шляхам дзяленьня сутак, напрыклад, на мілісуткі) і кутоў (шляхам дзяленьня абарачэньня на 1000 міліабарачэньняў альбо на 400 градаў), але яны ня мелі посьпеху. У цяперашні час у сыстэме СІ выкарыстоўваюцца сэкунды (дзеляцца на мілісэкунды і т.п.) і радыяны.