Ганза
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ганза — гандлёвая ліга паўночных і цэнтральных нямецкіх і некаторых суседніх гарадоў у 13-17 ст. на чале зь Любэкам. Першапачаткова, у 12-13 ст., саюз вандроўных купцоў (называліся «купцамі Рымскай імпэрыі»), што ператварыўся ў аб’яднаньне гарадоў, якія гэтыя купцы прадстаўлялі.
Назва Нямецкая Ганза ўпершыню выкарыстана ў 1356. Ганза валодала манаполіяй на гандаль у басэйнах Паўночнага і Балтыйскіх мораў, яна мела канторы і факторыі ў зручна разьмешчанных гарадах (Бруге, Лёндане, Бэргене, Ноўгарадзе, Вісьбю і інш.) У Любэку — перавалачным пункце і палітычным цэнтры — адбываліся агульныя зьезды ганзейскіх гарадоў, рашэньні якіх былі абавязковыя для ўсіх чальцоў саюзу.
За ўвесь час існаваньня ў Ганзу ўваходзіла каля 200 гарадоў. Росквіт прыпаў на другую палову 14 — першую палову 15 ст. Пад канец 16 ст. яна саступіла сваю ролю ангельскім, галяндзкім і францускім купцам. Заняпад быў абумоўлены празьмернай рэглямэнтацыяй і кансэрватызмам унутранага жыцьця, перамяшчэньнем міжнародных шляхоў зносінаў, ростам мясцовага купецтва і зьнешняга гандлю. Зьезд 1669, на якім было прадстаўлена 6 гарадоў, стаў апошнім.