Вікіпэдыя:Кансэнсус
старонка праекту Вікімэдыі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Усе працэсы, зьвязаныя з рэдагаваньнем старонак Вікіпэдыі або яе ўдзельнікамі, так ці іначай спалучаюцца з пошукам згоды (кансэнсусу) датычна зьместу гэтых старонак.
Гэта старонка зьяўляецца часткай правілаў Вікіпэдыі. |
Скарачэньні: ВП:КС ВП:ЗГОДА |
---|
Пры рэдагаваньні артыкулаў кансэнсус звычайна дасягаецца натуральным шляхам — па тым як адзін з удзельнікаў уносіць рэдагаваньне або дадатак на якойсьці з старонак Вікіпэдыі, усе, хто ўбачыць гэтую зьмену, могуць на яе адрэагаваць, зьмяніўшы ці скасаваўшы яе, або пакінуць яе ў сіле. У апошнім выпадку «маўчаньне» (адсутнасьць рэакцыі) зьяўляецца знакам згоды з занесеным рэдагаваньнем, пры ўмове, што пра яе даведалася дастатковая колькасьць удзельнікаў. Калі гаворка вядзецца пра зьмяненьне правілаў і рэкамэндацыяў Вікіпэдыі, пра плянаваныя зьмены варта адмыслова інфармаваць супольнасьць праз адпаведныя форумы, каб забясьпечыць дасягненьне кансэнсусу на значна больш высокім узроўні.
Нязгоду, якая ўзьнікае, варта ўрэгуляваць, ветліва, прыводзячы патрэбныя аргумэнты, падтрымліваючы атмасфэру супрацы — пры патрэбе на старонках абмеркаваньня артыкулаў. У час абмеркаваньняў дзеяньні ўдзельнікаў мусяць імкнуцца выпрацоўваць і падтрымліваць нэўтральныя фармулёўкі, на якія можна дасягнуць кансэнсус. Пры гэтым, калі выяўляецца, што датычна той або іншай групы пытаньняў часта складаецца адно і тое ж агульнае меркаваньне, то яго варта аформіць у выглядзе асобнай рэкамэндацыі, каб пазбавіць удзельнікаў ад патрэбы ўвесь час абмяркоўваць адно і тое ж. У тых рэдкіх выпадках, калі кансэнсус знайсьці вельмі цяжка, варта выкарыстоўваць дадатковыя магчымасьці, выпрацаваныя ў рамках працэдур разьвязаньня канфліктаў, узгодненых супольнасьцю. Сярод іншага гэта запрашэньне да ўдзелу ў дыскусіі незалежных дасьведчаных удзельнікаў і разгляд праблем, якія замінаюць дасягненьню кансэнсусу.
Калі ў абмеркаваньнях у Вікіпэдыі заходзіць гаворка пра «кансэнсус», то заўсёды маецца на ўвазе кансэнсус, дасягнуты «ў рамках усталяваных правілаў і працэдур». Кансэнсус, дасягнуты сярод вызначанай невялікай групы ўдзельнікаў, амаль ніколі ня ў стане пераважыць кансэнсус, дасягнуты супольнасьцю ў цэлым і зафіксаваны ў правілах.