Від (біялёгія)
таксанамічны ранг / From Wikipedia, the free encyclopedia
Біялягічны від (па-лацінску: species) — асноўная катэгорыяй біялягічнай таксаноміі, самаўзнаўляльная адзінка прыроды. Пад відам таксама маецца на ўвазе сукупнасьць пакаленьняў, якія паходзяць ад агульнага продка і адасоблены ад астатняга сьвету жывых істотаў. Агульнапрынятага, дакладнага і ўнівэрсальнага фармуляваньня гэтай катэгорыі на сёньняшні дзень не існуе. Існуюць шматлікія камплемэнтарныя, ўзаемадакладняючыя відавыя канцэпты, якія, аднак, не вядуць да ідэнтычнай клясыфікацыі.
Традыцыйныя канцэпты сучаснай біялёгіі прытрымліваюцца прымату «гістарычна-племяннога радства»: звычайна панятак біялягічнага віду абагульняе групу жывых істотаў, якія ў выніку насьледваньня вызначаюцца агульнай колькасьцю сваеасаблівых марфалягічных альбо фізыялягічных асаблівасьцяў, сукупнасьць якіх дазваляе аб’яднаньне гэтай групы жывых істотаў у асабістую і ейнае абмежаваньне ад любой іншай групы. Паводле розных адзнак, у тым ліку экалягічных і эвалюцыйных, адрозьніваюць віды зьніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сынантропныя і іншыя.
Панятак віду ўвёў ангельскі батанік Джон Рэй у 1704 годзе. Швэдзкі прыродазнавец Карл Лінэюс паказаў унівэрсальнасьць і значэньне віду ў якасьці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для ягонага абазначэньня двайную лацінскую назву (бінарную намэнклятуру). Асновы сучаснага разуменьня віду і відаўтварэньня заклаў Чарлз Дарвін. У канцы XIX стагодзьдзя было ўведзена дадатковы панятак падвіду, а ў сярэдзіне XX стагодзьдзя зьявіліся назвы больш дробных, элемэнтарных відаў — жарданон, больш вялікіх (шырокіх) — лінэон.
Для азначэньня віду карыстаюцца лінэеўскай падвоенай намэнклятурай, з абавязковым паказаньнем прозьвішча аўтара, які выдзяліў від, з-за наяўнасьці выпадкаў, калі такі ж самы від выдзяляўся і апісваўся рознымі аўтарамі пад рознымі назвамі.