Барджыгіны
From Wikipedia, the free encyclopedia
Барджыгін («сінявокія» ці «шэры воўк»; халха-мангольская мова: Боржигин; кітайская мова: 博爾濟吉特; піньін: Bó'ěrjìjítè) — напаўлегендарны старажытнаалтайскі род (абок), які паходзіць ад Буртэ-Чыно (жыў у ІІІ ст., пасяліўся ў Хэнтэі (цэнтральна-ўсходняя Манголія) ля гары Бурхан-Халдун). Ад шлюбу Дабун-Мэргэна з Алан-гоа пайшлі пяць мангольскіх (Бэлгунут, Бугунут, Хатагін, Салджыют, уласна Барджыгін) і чатыры айрацкія роды (плямёны). З роду Барджыгін пасьля вылучыліся шматлікія вядомыя роды, такія як Барулас, Уруўд, Мангуд, Тайджыют, Чанос, Кіят і іншыя. Заснавальнікам роду Кіят быў Хабул-хан, першы агульнамангольскі хан, прадзед (элэнчэг) Чынгісхана. Унук Хабул-хана Есугэй-багатур заснаваў род Кіят-Барджыгін. Найменьне роду, мабыць, тлумачыцца тым, што менавіта ў Есугэя й ягоных нашчадкаў выявілася характэрная зьнешнасьць Барджыгінаў. Усе нашчадкі Есугэя, у тым ліку і ягоны сын Чынгісхан, належылі да роду Кіят-Барджыгін.
Пры гэтым усе роды, якія вылучыліся, былі па стаўленьні да роду Барджыгінн косткай (ясун) і складалі разам зь ім велізарны экзагамны род, шлюбы ўнутры якога былі забароненыя.
Прадстаўнікі роду дагэтуль карыстаюцца пашанай сярод манголаў, нягледзячы на тое, што за часы камуністычнага рэжыму шмат іх роду было вынішчана, а ужываньне родавага найменьня было забаронена да 1997, што спрычынілася да страты памяці пра сваіх продкаў.