Архітэктура
From Wikipedia, the free encyclopedia
Архітэктура, дойлідзтва — мастацтва праектаваньня і ўзьвядзеньня будынкаў або комплексаў збудаваньняў, якія арганізуюць адкрытую прастору, афармляюць прасторавае асяродзьдзе для жыцьця і дзейнасьці чалавека. Пад архітэктурай таксама разумеецца горадабудаўнічае мастацтва, а таксама ляндшафтнае дойлідзтва. На сучасным этапе разьвіцьця чалавецтва архітэктура складае адну з найважнейшых частак сродкаў вытворчасьці, як то прамысловая архітэктура — будаўніцтва заводаў, фабрыкаў, электрастанцыяў і гэтак далей, і матэрыяльных сродкаў існаваньня чалавечага грамадзтва, як то грамадзянская архітэктура — жылыя дамы, грамадзкія будынкі і іншыя. Ейныя мастацкія вобразы гуляюць значную ролю ў духоўным жыцьці грамадзтва.
Функцыянальныя, канструктыўныя і эстэтычныя якасьці архітэктуры, а менавіта карысьць, трываласьць і прыгажосьць, цесна ўзаемазьвязаны. Ад канструкцыйнага рашэньня шмат у чым залежаць і эстэтычнасьць твораў архітэктуры. Будынак ня толькі павінен быць трывалым, але і выглядаць павінен трывала. Лішак матэрыялу наадварот выклікае ўражаньне празьмернага цяжару. Візуальная ж недастатковасьць матэрыялу асацыюецца зь няўстойлівасьцю, ненадзейнасьцю і выклікае ў асноўным нэгатыўныя эмоцыі. Функцыянальнае прызначэньне будынка вызначаецца ягоным тыпам, у залежнасьці ад якога абіраюцца сродкі стварэньня пэўнага мастацкага аблічча. Апошні ствараецца з дапамогай сродкаў архітэктурнай кампазыцыі. Сярод ейных асноўных сродкаў архітэктоніка, выкарыстаньне маштабаў, прапорцыяў і рытмічных адносінаў, плястыкі, фактуры і колеру.
Слова архітэктура паходзіць ад лац. architectura, якое ў сваю чаргу бяры пачаткі з грэц. architektonike.