IP-адрас
From Wikipedia, the free encyclopedia
IP-адрас (ад анг. Internet Protocol address) — сеткавы адрас удзельніка кампутарнай сеткі, якая працуе паводле пратакола IP.[1] IP-адрас неабходны для вызначэньня вузла і злучэньня зь ім. Ва ўсёй разнастайнасьці характарыстык адрас займае ролю, якая азначаная ў RFC 791: «Імя — гэта тое, што мы шукаем. Адрас ёсьць месцазнаходжаньнем. А маршрут кажа, як туды дабрацца»[2].
Пры стварэньні IP-адрас быў вызначаны як 32-бітны лік і ў падобнай форме, у якасьці Internet Protocol 4-й вэрсіі (IPv4), выкарыстоўваецца па сёняшні дзень. Але з звышхуткім ростам Інтэрнэту і прадказаньнем спусташэньня даступных для выкарыстаньня адрасоў у 1995 годзе была распрацаваная новая вэрсія пратакола (IPv6), у якой пад IP-адрас адведзена 128 бітаў[3]. IPv6 быў стандартызаваны ў 1998 годзе дакумэнтам RFC 2460, а разгортваньне пратакола пачалося ў сярэдзіне 2000-х гадоў[4].
IP-адрасы трактуюцца як двайковыя лікі, але для большай зручнасьці запісваюцца чатырма дзесятковымі актэтамі, напрыклад 172.16.254.1 — у IPv4, або васьмю групамі па чатыры шаснаццатковыя лічбы, напрыклад 2001:db8:0:1234:0:567:8:1 — у IPv6.
Разьмеркаваньнем IP-адрасоў займаецца арганізацыя IANA, якая дэлегуе для далейшага разьмеркаваньня пяці рэгіянальным інтэрнэт-рэгістратарам (RIR) блёкі IP-адрасоў. РІРы ў сваю чаргу перадаюць блёкі адрасоў мясцовым інтэрнэт-рэгістратарам (LIR), інтэрнэт-правайдэрам і іншым установам.