.22 Long Rifle
From Wikipedia, the free encyclopedia
.22 LR (па-ангельску: long rifle — доўгі вінтовачны; 5,6×15 мм R) — дробнакалібравы ўнітарны патрон кальцавога ўзгараньня 22-га калібру (5,6 мм).
.22 Long Rifle | |
---|---|
Патроны .22 LR зьлева направа: Subsonic (дагукавы), Standard-velocity (гукавы), Hyper-velocity (звышгукавы) | |
Тып патрона: | унітарны набой кальцавога ўзгараньня |
Гісторыя вытворчасьці: | |
Час стварэньня: | 1887 год |
Вытворца: | CCI REMINGTON GECO S&B КСПЗ |
Характарыстыкі: | |
Даўжыня патрона, мм: | 25 |
Сапраўдны калібр кулі, мм: | 5,66 |
Маса кулі, г: | 1,9—2,6 |
Дыямэтар дульца набойніцы, мм: | 5,75 |
Маса парахавога зараду, г: | 0,07—0,11 |
Пачатковая хуткасьць кулі, м/с: | 250—410 |
Энэргія кулі, Дж: | 55—90 (пісталеты) 125—200 (вінтоўкі) |
Выява на Вікісховішчы: | Category:.22 Long Rifle |
Вырабляецца для вінтовак, у асноўным для паляўнічых і спартовых мэт, і для пісталетаў — для трэніравальна-спартовых мэт, зрэдку — самаабароны. З-за невысокай энэргіі і занадта стромкай траекторыі кулі дадзены патрон прыдатны толькі для здабычы дробнай дзічыны (вавёрка, собаль) на кароткіх дыстанцыях.
.22 LR мае ўжо больш за векавую гісторыю. Ён быў распрацаваны ў 1887 годзе фірмай J. Stevens Arm & Tool Company і зьяўляецца сусьветным рэкардсмэнам па ліку вырабленых (і вырабляемых) патронаў.
У цяперашні час гэты патрон — адзін зь вельмі нешматлікіх пакінутых у шырокім выкарыстаньні патронаў кальцавога ўзгараньня (гэта значыць патрон ня мае капсуля як асобнай дэталі, а ініцыявальнае рэчыва месьціцца па кольцы ў закрайку гільзы — адгэтуль і назва). Найболей распаўсюджаны трэніравальны і спартовы баепрыпас .22 LR зьяўляецца таксама папулярным паляўнічым баепрыпасам: у Расеі зь яго выкарыстаньнем зарабляюць дробнага пушнога зьвера, у ЗША — адстрэльваюць дробных грызуноў (байбакоў і да т. п.).
Пад гэты патрон выраблена вялікая колькасьць узораў зброі: адна- і шматствольныя вінтоўкі з самымі рознымі схемамі перазараджаньня, самазарадныя вінтоўкі і карабіны, а таксама пісталеты і нават пісталеты-кулямёты. У Расеі пад гэты патрон выпускаецца даволі шырокая намэнклятура зброі. Найболей вядомая адназарадная вінтоўка ТОЗ-8М.
Мабыць найболей экзатычны прыклад — малакалібравы кулямёт Блюма, які выкарыстоўваўся ў даваенныя гады для навучаньня асабістага складу ПСЧА стральбе з кулямётаў Максіма і Дзегцярова, а пасьля — для адстрэлу ваўкоў у некаторых паляўнічых гаспадарках.
Нягледзячы на яўную розьніцу паміж рознымі ўзорамі патронаў кальцавога ўзгараньня, паміж імі ўсё жа магчымая некаторая ўзаемазаменнасьць. Так, з малакалібравых вінтовак і пісталетаў вытворчасьці СССР, патронік якіх разьлічаны на выкарыстаньне доўгіх вінтовачных патронаў .22 LR, у выпадку неабходнасьці можна страляць патронамі .22 Short і .22 Long. З малакалібравых рэвальвэраў можна страляць усімі тыпамі патронаў, бо даўжыня барабана, як правіла, дазваляе зараджаць рэвальверы нават патронам .22 Магнум (.22 WMR).
Пры выкарыстаньні гэтага патрона ў пісталетах дульная энэргія куль складае ад 55 да 90 Дж, у вінтоўках ад 125 да 200 Дж. Пачатковая хуткасьць кулі ў залежнасьці ад зброі і маркі патрона складае ад 250 м/с да 410 м/с.