Ялцінская канфэрэнцыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Я́лцінская (Кры́мская) канфэрэ́нцыя — нарада кіраўнікоў урадаў Брытаніі, ЗША і СССР ў Лівадыйскім палацы за 3 км на захад ад Ялты (Крымская АССР(uk), Расейская СФСР, СССР; цяпер Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна) 4—11 лютага 1945 году аб узгадненьні дзеяньняў для дасягненьня капітуляцыі Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне і пасьляваенным уладкаваньні сьвету. Удзельнічалі прэм’ер-міністар Брытаніі Ўінстан Чэрчыль (1940—1945), прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт (1933—1945) і старшыня Савету народных камісараў СССР Ёсіф Сталін (1941—1953). Таксама штодзень у сустрэчах бралі ўдзел: міністры замежных справаў Энтані Ідэн (1940—1945), Эдвард Стэтыніюс(en) (1944—1945) і Вячаслаў Молатаў (1939—1949) адпаведна; начальнікі штабоў Алан Брук(en) (1941—1946), Ўільям Лігі(en) (1942—1949) і Аляксей Антонаў (1945—1946) адпаведна; дарадцы, у тым ліку амбасадар Брытаніі ў СССР Арчыбальд Кэр(en) (1942—1946), амбасадар ЗША ў СССР Авэрэл Гарыман (1943—1946) і амбасадар СССР у ЗША Андрэй Грамыка (1943—1946)[1]. Агулам у «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі», падпісаным 11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікамі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР, згадваліся імёны 36 удзельнікаў нарады: 13 прадстаўнікоў ураду Брытаніі, 14 прадстаўнікоў ураду ЗША і 9 прадстаўнікоў ураду СССР. Нарада адбывалася ва ўмовах пераносу ваенных дзеяньняў на тэрыторыю Нямеччыны[2]. Стала апошняю канфэрэнцыяй лідэраў антыгітлераўскай кааліцыі «вялікай тройкі» ў даядзерную эпоху. На сустрэчы абмяркоўвалася перафармаваньне пасьляваеннай Эўропы. Наступнай стала Патсдамская канфэрэнцыя ў ліпені—жніўні 1945 году ў акупаванай Нямеччыне[1].
11 лютага 1945 г. прадстаўнікі ўрадаў зацьвердзілі пастановы канфэрэнцыі. Кіраўнікі ўрадаў Чэрчыль (Брытанія), Рузвэльт (ЗША) і Сталін (СССР) падпісалі: «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» зь 9 разьдзелаў, «Пратакол аб перамовах у пытаньні аб рэпарацыях натурай зь Нямеччыны» з 4 пунктаў і «Пагадненьне аб Японіі і Кітаі». Міністры замежных справаў Ідэн (Брытанія), Стэтыніюс (ЗША) і Молатаў (СССР) падпісалі «Пратакол працы Крымскай канфэрэнцыі» з 14 разьдзелаў. Ідэн і Молатаў таксама падпісалі: «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў і «Пагадненьне адносна вызваленых савецкіх грамадзянаў у Злучаным каралеўстве» зь 7 артыкулаў і 2 Дадаткаў. Вайсковы аташэ амбасады ЗША ў СССР Джон Дын(en) (1939—1945) і 1-ы намесьнік начальніка Апэратыўнага кіраваньня Генштаба СССР Анатоль Грызлоў(ru) (1944—1945) таксама падпісалі «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў, аднолькавае з брытанска-савецкім.