Энрыка Фэрмі
італьянскі фізык / From Wikipedia, the free encyclopedia
Энры́ка Фэ́рмі (па-італьянску: Enrico Fermi; 29 верасьня 1901 году, Рым — 28 лістапада 1954 году, Чыкага) — выбітны італьянскі фізык, адзін з заснавальнікаў квантавае фізыкі. Аўтар шэрагу адкрыцьцяў ядзернай фізыкі, распрацаваў тэорыю β-распаду[12]. Ляўрэат Нобэлеўскае прэміі ў галіне фізыкі 1938 году. Вядомы сваімі працамі па распрацоўцы першага ядзернага рэактару й унёскам у разьвіцьцё квантавай тэорыі, фізыкі ядра й часьцінак і статыстычнай мэханікі. Ён зьяўляецца адным з тых, каго называюць «бацькам атамнай бомбы»[13]. Ён шырока вядомы як адзін зь вельмі нямногіх фізыкаў, якія атрымалі посьпехі як у тэарэтычнай фізыцы, гэтак і ў экспэрымэнтальнай.
Першы буйны ўнёсак Фэрмі зрабіў у статыстычную мэханіку. Пасьля таго, як аўстрыйскі навуковец Вольфганг Паўлі сфармуляваў прынцып забароны квантавых станаў у 1925 годзе, Фэрмі ўжыў гэты прынцып да ідэальнага газу, выкарыстоўваючы статыстычныя фармулёўкі, якія цяпер вядомыя як статыстыка Фэрмі—Дырака. Сёньня часьцінкі, якія падпарадкоўваюцца гэтаму прынцыпу забароны, называюць «фэрміёнамі».
Атрымаўшы Нобэлеўскую прэмію, Фэрмі з жонкай і дзецьмі эміграваў у Злучаныя Штаты. Прычынай эміграцыі была палітыка фашысцкага ўраду Італіі ў дачыненьні да габрэяў. Жонка Фэрмі спавядала юдэйскую веру. Энрыка быў вядучым удзельнікам Мангэтанскага праекту. Фэрмі ачоліў каманду, якая спраектавала і пабудавала «Чыкагаўскі касьцёр-1», экспэрымэнтальные выпрабаваньне якога адбылося 2 сьнежня 1942 году, прадэманстраваўшы першую створаную чалавекам самастойную ядзерную ланцуговую рэакцыю. Ён таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы Графітавага рэактару X-10 у Ок-Рыдж, штат Тэнэсі, запуск якога адбыўся ў лістападзе 1943 году. Дзякуючы гэтым рэактарам сталася магчымым пабудаваць і ўвесьці ў эксплюатацыю Рэактар B у Гэнфардзкім комплексе. У лябараторыі Лос-Аламас, вядомой як Праект Y, навуковец ачольваў аддзел F, частка якога працавала над тэрмаядзернай бомбай «Супэр» Эдўарда Тэлера. Фэрмі прысутнічаў на выпрабаваньні «Трыніці» 16 ліпеня 1945 году, дзе ён выкарыстаў свой мэтад Фэрмі дзеля ацэнкі магчымай сілы выбуху бомбы.
Пасьля вайны Фэрмі працаваў пад кіраўніцтвам Робэрта Апэнгаймэра ў Генэральным кансультатыўным камітэце, які даваў парады Камісіі па атамнай энэргіі па ядзерных пытаньнях. Пасьля дэтанацыі першай савецкай бомбы ў жніўні 1949 году ён рашуча выступіў супраць распрацоўкі вадароднай бомбы як з маральных, гэтак і тэхнічных прынцыпаў. У ягоны гонар названы хімічны элемэнт фэрм.